Эпоха бюракратычных адкрыццяў: як каранавірус прымусіў чыноўнікаў гаварыць

02/04/2020 - 11:43
Аптэка насупраць Дома ўрада Беларусі. Масак і антысептыкаў няма / Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая не закрыла межы і дагэтуль не ўвяла на афіцыйным узроўні ніякіх каранцінных абмежаванняў у сувязі з пандэміяй каранавіруса. Людзей на вуліцах і ў крамах стала менш, але ў медыцынскай масцы — максімум адзін з пяці. Працуе грамадскі транспарт. На футбольных трыбунах шмат заўзятараў. Заклікі дактароў #застаццадома памнажаюцца на нуль заявамі Аляксандра Лукашэнкі пра антывірусную сілу лядовых палацаў. І наогул, "тут няма вірусаў ніякіх. Вось ты ж не заўважыла, што яны лётаюць? І я таксама не бачу". Гэта, калі што, таксама цытата Лукашэнкі.

Пандэмія каранавіруса вывела з шматгадовай спячкі беларускае Мінздароўя. Непаваротлівае і скупое на каментары (асабліва для недзяржаўных медыяў) ведамства раптам завяло тэлеграм-канал, прынялося рэгулярна збіраць брыфінгі для журналістаў і трансляваць свае прэс-канферэнцыі на "Ютубе". Анколаг Уладзімір Каранік, паўгода таму прызначаны міністрам, не вылазіць з тэлевізара і з таго ж "Ютуба", разам з іншымі дактарамі і чыноўнікамі супакойваючы людзей.

Адзін прыклад, каб вы ўяўлялі, як цяжка бывала з Мінздароўя раней. Паўгода таму ў распараджэнне Еўрарадыё трапіў дакумент пра падрыхтоўку зменаў у артыкул Крымінальнага кодэкса, які прымяняецца да медыкаў. Мы тры месяцы цярпліва чакалі каментара з Мінздароўя. А потым, не дачакаўшыся, усё ж такі апублікавалі тэкст. Пасля чаго даведаліся ад прэс-сакратара міністэрства Юліі Барадун, што нам "не церпіцца", што мы распаўсюджваем недакладную інфармацыю (не было такога!) і што павінны былі яшчэ пачакаць: "Вам было сказана — ідуць перамовы, калі скончацца — мы пракаментуем". Усё гэта — у каментарах у "Фэйсбуку".

Мінздароўя здаровага чалавека

Як пахарашэлі прэс-службы беларускіх "міністэрстваў і ведамстваў" пры тэлеграме! МУС і Мінабароны, злівы пра работу якіх рэгулярна публікаваліся ў ТГ-каналах, цяпер гуляюць на апярэджанне. Здарылася нешта — не чакаюць, калі хтосьці даведаецца, а публікуюць самі.

Мінздароўя да сучасных трафікаў было ўстойлівае і "Тэлеграм" ігнаравала. Як вынік, першы ўдар ад каранавіруса прапусціла — навіны са СМІ і ТГ-каналаў пра дзяўчыну, якая падазрона затэмпературыла пасля вяртання з Кітая, заспелі беларускую сістэму аховы здароўя знянацку.

Каранавіруснай інфекцыі ў дзяўчыны не аказалася, але высновы з сітуацыі былі зроблены імгненна. Пра "завоз" каранавіруса ў Беларусь з Азербайджана раніцай 28 лютага паведаміў не буйны тэлеграм-канал, а прэс-служба Мінздароўя. Далей яна пачала старанна тлумачыць, што ўлады робяць для барацьбы з вірусам. Не стала трымаць у сакрэце траплянне COVID-19 у Віцебск. Праз пару дзён ведамства завяло свой ТГ-канал, на які да цяперашняга моманту падпісана больш за 30 тысяч чалавек.

Падмянілі

Зрэшты, вельмі хутка Мінздароўя вярнулася да свайго звычайнага рэжыму зносін. Прэс-службу нібы яшчэ раз падмянілі. Па часе гэта супала з першымі выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі пра каранавірус.

12 сакавіка, пагутарыўшы з міністрам аховы здароўя, Лукашэнка пачаў супакойваць беларусаў: не трэба ствараць ажыятажу вакол медыцынскіх масак — хопіць усім; "для панікі ў нас няма ніякіх падстаў"; "нашы дактары аказаліся на вышыні". На той момант у Беларусі быў пацверджаны 21 выпадак каранавіруса.

Аляксандр Лукашэнка слухае даклад міністра аховы здароўя / president.gov.by

Па іроніі лёсу ў гэты ж дзень усё завярце... Медыкі ў ахоўных касцюмах прыйшлі ў два мінскія цэнтры тэніса і на адзін з факультэтаў БДУ — самага вялікага ўніверсітэта краіны. Журналісты даведаліся пра гэта з неафіцыйных крыніц. Да вечара прэс-служба Мінздароўя расказала пра беларускага бізнесмена, які схаваў паездку ў Паўночную Італію (Апеніны ў гэты час ужо палалі) і "даў" каля 90 "кантактаў першага ўзроўню".

Расказала — і "пайшла на выхадныя": наступнай статыстыкі па каранавірусе ў Беларусі чакалі амаль двое сутак.
 

Як Мінздароўя ўсіх заблытала

А раніцай 18 сакавіка, Мінздароўя замест статыстыкі па тых, хто захварэў і ачуняў, выдала рэбус, які хвілін дзесяць разгадвалі журналісты ўсёй краіны:

Скрыншот з сайта Мінздароўя

46 пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі, 51 або 54? Аказалася, трое тых, хто ачуньвае, уваходзяць у 37 тых, хто хварэе не па сутнасці. Правільны адказ — 51. Але праз некалькі дзён Мінздароўя змяніла параметры, па якіх дае статыстыку. Тых, хто ачуняў, аб'ядналі з тымі, хто рыхтуецца да выпіскі. Пра іншых пацыентаў напісалі, што яны застаюцца пад медыцынскім кантролем і на лячэнні.

Неўзабаве высветлілася, што Мінздароўя ў прынцыпе вырашыла радаваць беларусаў статыстыкай пра распаўсюджванне каранавіруса не ў рэжыме рэальнага часу і не штодня, а раз на двое сутак, бо "нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца". Рэкорд — тры дні ў рэжыме чакання.

Не падыходзь да мяне

Паралельна высветлілася, што "некаторыя беларускія журналісты і блогеры" парадкам дасталі прэс-службу Мінздароўя. Спачатку міністэрства дакарала прэсу, якая аператыўна публікавала інтэрв'ю з тымі, хто падхапіў каранавірус, за выдаванне асабістых звестак. Потым пачаліся адкрытыя крыўдачкі.

"І, так, паважаныя прадстаўнікі СМІ! Мы цэнім вашу працу, аднак просім — перадрукоўвайце нашы тэксты без скарачэнняў або сваёй рэдактарскай праўкі", — заклікае прэс-служба Мінздароўя. Паралельна папракаючы "незалежных журналістаў і экспертаў" у тым, што яны, "актыўна прапагандуючы адмену масавых мерапрыемстваў колькасцю больш за 100 чалавек, збіраюцца на прыём, арганізаваны адным з пасольстваў еўрапейскай краіны ў колькасці больш за 300 чалавек". Пасля чаго "актыўна патрабуюць аналізаў і абследаванняў на каранавірус без чаргі, паколькі ў часткі тых, хто сабраўся, на наступны дзень павысілася тэмпература і з'явіліся прыкметы інфекцыі". Гэта фрагмент рэальнай публікацыі ў афіцыйным тэлеграм-канале міністэрства!

Пацыент з падазрэннем на COVID-19 унутры ізаляванага бокса

У сярэдзіне сакавіка Еўрарадыё стала вядома, што каранавірус пацверджаны ў шасцікласніка са школы ў спальным раёне Мінска. Дырэктар школы заяўляе, што навучальная ўстанова працуе ў звычайным рэжыме. Мы, вядома ж, хочам атрымаць каментар Мінздароўя. У журналіста адбываецца наступны дыялог з прэс-сакратаром міністэрства Юліяй Барадун:

— Юлія, добры дзень. Тэлефаную наконт 212-й школы. З'явілася інфармацыя, быццам там выявілі вучня з каранавірусам.

— Проста бегаў па вуліцы з каранавірусам?

— Мы хочам удакладніць гэтую інфармацыю.

— Ну а далей што вы скажаце? Што Барадун не пацвердзіла каранавірус? Гэта асабістыя звесткі дзіцяці, як я вам гэта раскажу?

— У дзіцяці ёсць каранавірус? Што цяпер адбываецца? Яно на абследаванні?

— Я не маю права вам сказаць. Гэта асабістая таямніца дзіцяці. Асабістая ўрачэбная таямніца. Я не маю права вам казаць нічога ні пра дзіця, ні пра яго сям'ю.

— Мы не просім яго імя. Ёсць факт або няма? Мы не ведаем яго імя.

— Ну і дзякуй богу, што вы не ведаеце. Забудзьцеся пра гэтую школу.

Ці важна паведаміць, што школьнік шпіталізаваны з-за каранавіруса? Важна. Ці выдаюцца асабістыя звесткі, калі не раскрываецца асоба чалавека? Не. Пра што наогул былі гэтыя адказы? Пра тое, як шасцікласнік бегаў па вуліцы з каранавірусам?

Труп у цёплым стане

"Чаму некаторыя беларускія журналісты і блогеры так чакаюць смерці людзей ад вірусаў?" — задаецца пытаннем Мінздароўя Беларусі ў адным са сваіх наступных опусаў. Некалькі гадзін таму выданне "Наша ніва", так і не дазваніўшыся да прэс-сакратара ведамства, са слоў сваякоў апублікавала тэкст пра тое, што ў Віцебску памерла пацыентка з пацверджаным каранавірусам.

Гэтую інфармацыю адразу ж абвергла прэс-служба міністэрства, а крыху пазней і асабіста міністр. "Паніка ў журналісцка-блогерскім асяроддзі катэгарычна перашкаджае нам працаваць! — працягвае абурацца Мінздароўя. — Чаму, насуперак усім законам этыкі, дэанталогіі, права, мы вымушаныя апраўдвацца і замест звычайнай штодзённай працы чакаць чарговай "смерці"?"

МУС і Мінабароны, гуляючы на апярэджанне, з часам вярнулі сабе статус першакрыніц крытычнай інфармацыі. А вось Мінздароўя нават навіну са свежымі лічбамі па COVID-19 прымудраецца назваць так: "Сітуацыя з каранавіруснай інфекцыяй расцэньваецца, як кантраляваная". Вы даяце статыстыку — але адразу ж падказваеце нам вывад, які мы павінны зрабіць? Дзякуй, самі разбяромся.

"У Беларусі процьма ідэолагаў, якія павінны былі б рыхтаваць варыянты інфармацыйнай работы арганізацый у любых крызісных умовах. Але адсутнасць разумення падрыхтоўчай работы на ўзроўні Адміністрацыі прэзідэнта, якая звяла ўсю ідэалагічную машыну да зачытвання матэрыялаў зверху і выяўлення палітычна нядобранадзейных у арганізацыях, прывяла да фарміравання штата прыстасаванцаў, якія не могуць падрыхтаваць тэкст нават у міністэрствах, і атрымліваюцца паведамленні з крыўдамі і іншымі лішнімі эмоцыямі, піша ў сваім тэлеграм-канале аналітык Ягор Лебядок. — Такія "ідэолагі" не разумеюць простых рэчаў: не бывае дыскрэдытацыйнай інфармацыі, інфармацыі "псеўдаэкспертаў", блогераў і да т. п., бывае проста інфармацыя, з якой трэба працаваць і абарочваць на сваю карысць — гэта прыкмета прафесіяналізму ў інфармацыйнай працы. Але пры цяперашняй уладзе штат ідэолагаў — гэта труп, які падтрымліваецца ў цёплым стане, таму прыносіць яшчэ больш шкоды…"

Пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі