Эксперымент: за змену ў "Яндэкс.Таксі" кіроўца зарабіў... 14 рублёў

12/02/2020 - 15:37
Андрэй Бажко і скрын з "заробкам" за змену / Еўрарадыё​

Нядаўна мінскія таксісты пагражалі зладзіць забастоўку, калі дыспетчарскія службы не падымуць тарыфы на 5 капеек за 1 км. Ад гэтай ідэі хутка адмовіліся — але ўлады завяліся не на жарт і выйшлі на сцяжыну вайны. Толькі вось пакуль незразумела з кім: ці то з анлайн-сэрвісамі, ці то з іх партнёрамі-перавозчыкамі, якія не лічаць сябе службамі таксі.

Заробкі кіроўцаў таксі сталі адной з самых абмяркоўваных тэм. "Цяпер я зарабляю каля 1000 долараў у месяц. Гэтага на жыццё хапае",адкрыта расказваў нядаўна ананімны кіроўца на "Анлайнеры". У кагосьці лічба выклікала сумневы, у кагосьці — гамерычны рогат. Бо гаворка не пра "бамбіл" з вакзалаў і гандлёвых цэнтраў, гісторыямі пра казачныя тарыфы якіх стракаціць інтэрнэт. Колькі ў дзень можа зарабіць звычайны цяглавы конік на белым "логане" з жоўта-чорнымі магнітамі на бартах?

Каб даведацца гэта, мы паставілі эксперымент. Былы таксіст і аўтар праекта "Давайце разбірацца" Андрэй Бажко зарэгістраваўся ў праграме "Яндэкс.Таксі" і на восем гадзін сеў за руль, падлічваючы ўсе свае выдаткі.

Умовы эксперымента

У 15:00 Андрэй становіцца на лінію і пачынае прымаць заказы. А ў 23:00 робіць скрыншот экрана з лічбамі з праграмы. Мы адымаем з агульнай сумы ўсе камісіі і выдаткі і даведваемся, колькі зарабляюць у "Яндэкс.Таксі".

Мяркуючы па праграме, камісія "Яндэкса" — 27,4% ад кошту заказаў, камісія парка — 9,8%. Гэта значыць, больш за траціну даходу таксіст аддае, ледзь паспеўшы зарабіць.

Андрэй Бажко / "Фэйсбук"

За суткі карыстання машынай Андрэй заплаціў перавозчыку 40 рублёў. Калі б ён адпрацаваў больш за 8 гадзін, вызначаных па законе, гэтая сума "размазалася" б на большую колькасць гадзін. Але мы хочам, каб усё было як трэба — па-чэснаму.

Перад зменай Андрэй заправіўся на 30 рублёў.
 

Як усё прайшло

8 гадзін па Мінску Андрэй адкатаў без прыгод. За гэты час ён прыняў 19 выклікаў. Частка з іх была з павышальнымі каэфіцыентамі, адзін — з каэфіцыентам х2.

Знята на відэарэгістратар ) Мантаж: Андрэй Мамай

Некаторыя кліенты пакінулі чаявыя. Усяго іх набралася каля трох рублёў.

Аплачаны прабег склаў 143 км, яшчэ каля 30 км ён накатаў па дарозе на выклік.

Андрэй кажа, што па адчуваннях амаль не стаяў — і толькі пару разоў вылез з машыны размяцца.
 

Што па грашах

Выручка за васьмігадзінную змену склала 122 рублі 59 капеек. З іх 33 рублі 62 капейкі адразу ж атрымаў "Яндэкс", 12 рублёў 6 капеек — парк.

І вось, ад выручкі ўжо засталося 76 рублёў 92 капейкі. 40 з іх — на арэнду машыны. 23 рублі — за бензін. Які, дарэчы, з пачатку года падаражэў ужо на 6 капеек. Калі б мы праводзілі аналагічны эксперымент у канцы снежня — таксісту б засталося на рубель больш. Але час не стаіць на месцы, і цэны на паліва ў Беларусі таксама.

Усяго пасля шчыльнай 8-гадзінны змены таксісту засталося... 14 рублёў.

Заўважце, з гэтага "заробку" не вылічана ні капейкі падаткаў. А калі адняць 35% у Фонд сацабароны і 13% падаходнага падатку, 14 рублёў ператворацца ў восем. Інакш кажучы — 1 рубель у гадзіну.

Заказ з каэфіцыентам х2; воблака павышаных каэфіцыентаў у праграме для таксістаў / Еўрарадыё

Як кіроўцы "Яндэкс.Таксі" наогул выжываюць?

Памяншаюць свае выдаткі. Напрыклад, працуюць не 8 гадзін, а больш. Больш грошай застаецца ў тых, хто таксуе на сваёй машыне.

Андрэй лічыць, што пакуль што "сфера нерэгулярных пасажырскіх перавозак" у Беларусі адрэгулявана дрэнна. Вось яго прапановы:

— ліцэнзаваць не машыну або перавозчыка, а кіроўцу таксі;

— прыбраць пасярэднікаў паміж дыспетчарскімі службамі і кіроўцамі;

— у кожнага кіроўцы павінен быць адзіны пазыўны і магчымасць супрацоўнічаць толькі з адной дыспетчарскай службай;

— абмежаваць камісіі дыспетчарскіх службаў і інфармацыйных сэрвісаў за перадачу заказу 12% ад кошту заказу.

— замест таксометраў і грувасткіх касавых апаратаў укараніць электронныя таксометры з функцыяй анлайн-касы і друку чэка, а таксама прамой перадачы даных у падатковую;

— падатковая палітыка:

  5% ад выручкі таксіста — у мясцовы бюджэт, яшчэ 5% — у ФСАН;

— падзяліць машыны таксі на тры класы і для кожнага ўсталяваць свае тарыфы:

  стандарт — 50% кошту 1 літра паліва,

  камфорт — 75% кошту 1 літра паліва,

  бізнес — 100% кошту 1 літра паліва;

— зрабіць больш жорсткай адказнасць за невыкананне правілаў працы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі