Эксперты ацанілі рэйтынг, паводле якога горш за беларусаў жывуць толькі ўкраінцы

20/10/2015 - 17:39

Банк Швейцарыі Credit Suisse правёў даследаванне дабрабыту краін Еўропы. Беларусь у ім апынулася на перадапошнім месцы. Горш за нас, на думку альпійскіх банкіраў, жывуць толькі ва Украіне.

Індэкс лічыўся наступным чынам: складаліся ўсе фінансавыя і нефінансавыя актывы краіны, пасля чаго ад атрыманай сумы адымаліся ўсе пазыковыя абавязацельствы. Сума дзялілася на колькасць дарослых жыхароў. Гэта і дало паказчыкі па кожнай краіне.

У выніку першае месца атрымала Швейцарыя, дзе сярэдняе багацце дарослага жыхара склала 576 тысяч долараў. Больш сціплымі апынуліся паказчыкі ў Ісландыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Швецыі і Люксембургу — разам са Швейцарыяй яны сталі адзінымі еўрапейскімі краінамі з узроўнем дабрабыту вышэй эквівалентна ў 300 тысяч долараў.

У процілеглым канцы спісу апынуліся Украіна — 1437 долары. Крыху лепш сітуацыя склалася ў Беларусі. Сярэдняе багацце на дарослага жыхара ў нашай краіне ацэньваецца ў 1551 долар, а трэцяе месца з канца з даволі вялікім адрывам заняла Малдова — 3104 долара на чалавека.

Выява: jakubmarian.com

Старшы аналітык "Альпары" ў Беларусі Вадзім Іосуб кажа, што сур’ёзна да гэтага паказчыка ставіцца не варта. Бо ёсць істотныя прэтэнзіі да метадалогіі.

“Калі сапраўды лічыліся актывы краіны і адымаліся пазыкі, адразу ж узнікаюць два пытанні. Першае: як лічыць актывы, асабліва ў краіне, дзе няма рыначнай эканомікі і няма фондавага рынку, які і існуе, каб адэкватна палічыць кошты актываў. Другое: адымаць ад кошту актываў абавязацельствы — крыху некарэктна”.

Эканаміст нагадвае, што самыя вялікія даўгавыя абавязацельствы мае Японія і Вялікабрытанія, і тут памер пазыкаў кажа не столькі пра даўгавую нагрузку, колькі пра тое, што крэдыторы вераць у эканоміку і ахвотна пазычаюць гэтым краінам.

“Мне падаецца, што калі палічыць ацэнку па такой формуле, атрыманы вынік не будзе мець ніякага эканамічнага сэнсу, які можна было б асэнсавана інтэрпрэтаваць”.

На думку эканаміста Антона Болтачкі, кожны эканамічны рэйтынг дастаткова суб’ектыўны. А менавіта ў гэтым метадалогія не надта зразумелая.

“Калі ацэньваць гэты рэйтынг і праводзіць карэляцыю [узаемасувязь — рэд.] з іншымі паказчыкамі, якія адлюстроўваюць дабрабыт народа той ці іншай краіны, магу адразу запэўніць, што ў гэтым рэйтынгу не зусім адэкватнае становішча Беларусі. Таму неабходна вывучыць метадалогію, але я маю вялікія сумневы, што ў Беларусі настолькі кепскія пазіцыі па дадзеным паказчыку”, — кажа Болтачка.

Эканаміст дадае, што падчас вывучэння розных рэйтынгаў часам даводзілася сутыкацца з тым, што метадалогія не адпавядае рэаліям Беларусі. Так адбываецца з-за таго, што спецыялісты, якія складаюць рэйтынг не ведаюць асаблівасцяў нацыянальнага статыстычнага ўліку.

У адміністрацыі банка Credit Suisse не далі каментарыяў Еўрарадыё. А толькі даслалі матэрыялы даследавання. У іх удакладняецца, што сярод іншага, спецыялістам давялося працаваць з не вельмі якаснымі дадзенымі па краінах Усходняй Еўропы, з-за чаго абсалютныя лічбы дабрабыту іх жыхароў могуць быць недакладнымі.

Галоўнае фота: mail.ru

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі