Эксперт: рытэйл схлопваецца, а "Еўраопту" ўлады не дадуць прадацца

17/08/2021 - 13:27
Некаторым сеткам даводзіцца сыходзіць з рынку / Reuters

Праз тое што ў людзей становіцца менш грошай, а пакупнікі з даходамі, вышэйшымі за сярэднія, працягваюць з'язджаць з Беларусі, рытэйл сціскаецца, лічыць менеджар па развіцці бізнесу Satio CIVITTA Group, экс-кіраўнік па рабоце з рознічнымі сеткамі ў Nielsen Валянцін Сакалоўскі.
 

Гульня на выбыванне

— Ідзе гульня на выбыванне. Як у дзіцячым садку: усе бегаюць вакол крэсельца, а потым аднаму хлопчыку крэсельца не хапае. Спачатку крэсельца не хапіла сетцы Bigzz, потым "Дамашняму". З рэгіянальных сетак — "Вясёлцы". Ідзе схлопванне. Пры гэтым ёсць сеткі, у якіх усё досыць нядрэнна: "Суседзі", "Гіпа". У "Еўраопта" ўсё не так дрэнна, як можа здацца па лічбах.

Так адбываецца праз тое, што сеткі працуюць на розныя мэтавыя аўдыторыі, кажа суразмоўнік. Напрыклад, "Суседзі" выбралі фармат крам каля дома і не імкнуліся трапіць у прэміум-сегмент.

Пакупнікоў з "сярэдняга класа" становіцца менш / Еўрарадыё

— А ў "Віталюра" справы ідуць досыць дрэнна. Па-першае, у іх фокус на Мінск. Па-другое, разлік на сярэдні клас, людзей, якія больш цэняць сэрвіс. Пры гэтым такі пакупнік заканчваецца: вельмі многія з'ехалі з Беларусі. Унутры краіны ў людзей стала менш грошай. Таму, як бы чыноўнікі ні надзімалі шчокі, што ў нас рознічны тавараабарот вырас аж на цэлых 0,1 адсотка, па факце росту няма. Гэта зніжэнне, якое па-рознаму па ўсіх ударыла.

Частка замежных тавараў можа знікнуць з беларускіх крам / Reuters

— Напрыклад, расліннае малако. Пры гэтым гэта абсалютна маржынальная катэгорыя, на якой розніца зарабляе. Будзе зарабляць менш. Гэта дрэнна. А еўрапейцы скажуць: "Беларусь? Што гэта наогул такое? 1,5 адсотка рынку. Паставім больш у іншую краіну".
 

За два гады "Еўраопт" патаннеў удвая

Даваць прагнозы ва ўмовах, калі попыт сціскаецца, а ўлады спрабуюць зарэгуляваць як мага больш, складана, адзначае эксперт.

— Улады паводзяць сябе нерацыянальна. Пазіцыя дзяржавы — мы зараз усё зарэгулюем, як гэта, напрыклад, адбываецца з грэчкай. Гэта прывядзе да таго, што сеткі загнуцца.

Чым горшы будзе стан сетак, тым большая імавернасць, што сюды прыйдзе расійскі гулец, і тым менш грошай за продаж сеткі змогуць атрымаць. Той жа "Еўраопт" на піку, калі яны выпускалі аблігацыі на расійскім рынку [ў ліпені 2019 года. — Еўрарадыё], каштаваў $1,1 мільярда. Цяпер гучаць ацэнкі ў $550 мільёнаў. Гэта блізка да праўды.

Кошт сеткі ўпаў, нягледзячы на яе рост / Reuters

— Гэта значыць, у сеткі ўсе метрыкі растуць, а цана ўпала ў два разы праз краінавыя рызыкі. Які тут прагноз? Заўтра не спадабаюцца ўладам цэны на яблычны сок. Пачнецца жэстачайшае рэгуляванне цэн на яблычны сок, — працягвае Валянцін Сакалоўскі. — Пад гэта трапяць якія-небудзь таматавыя сокі, таму што дзесьці ў Ждановічах прадпрыемства стратнае. І катэгорыя пасыплецца. Як такія рэчы прадказаць? Ніяк.
 

Продаж “Еўраопта”

Нядаўна з'явіліся публікацыі пра тое, што расійская сетка "Магніт" можа выкупіць "Еўраопт". Беларуская сетка ўжо абвергла гэтую інфармацыю. Валянцін Сакалоўскі ўпэўнены, што ў найбліжэйшы час гэтага не можа адбыцца.

"Еўраопт" у Мінску / Еўрарадыё

— Пашырэнне на рынках іншых краін не ўваходзіць у топ-3 прыярытэтаў "Магніта". Толькі людзям, далёкім ад эканомікі, можа здацца, што знайсці адзін мільярд долараў па пстрычцы так проста толькі таму, што "ну, яны ж вялікія".

Такія рэчы плануюцца, праводзяцца праз савет акцыянераў. Гэты рух не пройдзе незаўважаным, таму што такія інвестыцыі непасрэдна ўплываюць на кошт акцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі