Экс-палітвязень у Літве знайшоў падпрацоўку — і стаў фігурантам крымінальнай справы

12/10/2026 - 10:54

Мікіта Саідаў / "Дапамога"

Былы беларускі палітвязень знайшоў падпрацоўку ў Вільні — і трапіў пад крыміналку.

23-гадовага Мікіту Саідава папрасілі прынесці пахавальны вянок да віленскага офіса абароннай кампаніі RSI Europe. І заадно — партрэт яе кіраўніка Томаса Мілашаўскаса з чорнай стужкай.

Як даведалася "Наша Ніва", усё пачалося з абвесткі ў чаце з падпрацоўкамі. Заказчык тлумачыў, быццам у яго памёр сябар, а сам ён знаходзіцца не ў Літве. Таму быў патрэбны чалавек, які купіць пахавальныя вянкі і адвязе іх па названым адрасе. За працу абяцалі 400 еўра. Частка грошай мусіла пайсці на "рэквізіт" для "перфоманса", астатняе — выканаўцы.

Беларус перадаў падпрацоўку знаёмаму ўкраінцу. 27 жніўня вянкі даставілі да офіса RSI Europe, якая займаецца беспілотнымі сістэмамі, пастаўляе Украіне FPV-дроны і сістэмы дыстанцыйнага падрыву.

Неўзабаве чалавека, які адвёз вянкі, затрымалі. У літоўскіх СМІ напісалі, што наняць яго мог беларус. Саідаў зразумеў, у што яго ўцягнулі, спалохаўся і ўцёк у Латвію. Але пазней вярнуўся ў Літву і сам прыйшоў у паліцыю.

Нейкі час ён правёў за кратамі, але цяпер вызвалены да суда. Хлопца падазраюць у дапамозе іншай дзяржаве ў дзейнасці супраць Літвы — гэта артыкул 118 літоўскага Крымінальнага кодэкса. Яго першая частка прадугледжвае ад двух да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі