Андрэй Любецкі / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку
Экс-палітвязень Андрэй Любецкі не збіраецца пакідаць Беларусь пасля вызвалення. пра гэта сківічна-тваравы дзіцячы хірург расказаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Любецкага затрымалі ў траўні 2021 года і ў красавіку 2022-га прысудзілі пяць гадоў зняволення. Днямі ён выйшаў на волю. Яго жонка з чатырма дзецьмі за гэты час была вымушаная пакінуць Беларусь.
"Хачу адказаць загадзя на шматлікія пытанні з нагоды майго ад'езду.
У мяне паўгода прэвентыўны нагляд.
У першую чаргу таму, хоць і не толькі, я нікуды не паеду. Ёсць маса іншых прычын. Буду прыводзіць у парадак думкі, побыт, зубы ды іншыя моманты", — напісаў Любецкі.
Экс-палітвязень згадвае размову з адным супрацоўнікам калоніі:
"Ён спытаў — ці ведаю я, хто ён?
Я сказаў — Так, вы такі і такі…
Ён адказаў — а я ведаю хто вы…
— Добра. (Падумаў я).
— Вы найлепшы хірург Беларусі.
Адкуль ён ведае? Пагугліў?
Я не стаў яму парыраваць, што "маўляў, гэта не так, прамаўчаў…"
Любецкі кажа, што стараўся жыць за кратамі з пастаянным адчуваннем таго, што за ім назіраюць: "І назіраюць не тыя, каму загадана па абавязку службы, а назіраюць мае дзеці, родныя, сябры і г. д."
Ён згадвае, як маральна рыхтаваўся да выпрабаванняў. Яго мусілі вызваліць 8 кастрычніка 2025-га, але за дзевяць дзён да таго паведамілі, што вызваляць не будуць. (У СМІ з'яўляліся звесткі, што палітвязню падоўжылі тэрмін паводле 411 артыкула КК — невыкананне патрабаванняў адміністрацыі.) "Дык вось гэты чалавек сказаў (пагутарыўшы са мной), што ўпершыню за ўсю сваю практыку бачыць чалавека, на якім ніяк не адбілася знаходжанне ў дадзеных месцах. Жэсты, інтанацыя, погляд, хоць нешта, але выдае чалавека".
Любецкі пералічвае, чым займаўся ў зняволенні:
"Два з паловай гады я вучыў нямецкую мову, два з паловай — ангельскую.
Не лічыў, але напісаў каля 100 вершаў.
Часам да адурэласці займаўся спортам, хоць доступу да спортінвентару не было. Працаваў з трэнажорамі (псіхалагічнымі), людзьмі розных "кастаў, саслоўяў, сацыяльных палажэнняў". Шмат (асабліва ў т.зв. крытай) чытаў.
Усіх, за вельмі і вельмі рэдкім выключэннем, называў на "вы". І супрацоўнікаў, і зняволеных, у тым ліку тых, хто ў два разы мяне маладзейшы і г. д."
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут