Дзмітрый Богуш / кадр з відэа "Беларусь 1"
Увечары 17 красавіка на тэлеканале "Беларусь 1" выйшаў сюжэт пра былога намесніка старшыні праўлення "Тэхнабанка" Дзмітрыя Богуша. З яго вынікае, што бізнесовец сядзіць у СІЗА ад снежня 2022-га.
50-гадовага Богуша затрымалі нібыта за каментары ў сацсетках супраць Лукашэнкі і сілавікоў. Яму інкрымінуюць "распальванне варожасці" (ч.2 арт. 130 КК), за што пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Мужчына расказаў, што да публічных выказванняў у сацсетках яго падштурхнулі фатаграфіі са збітымі маладымі людзьмі, затрыманымі на акцыях пратэсту пасля выбараў 2020 года. Богуш паведаміў, што пазней выдаліў свае пасты. І хаця знаёмыя рэкамендавалі яму эміграваць, ён адмовіўся з'ехаць з Беларусі.
Дзмітрый Богуш працаваў у банкаўскай сферы 18 гадоў, быў намеснікам старшыні праўлення ААТ "Тэхнабанк". Пазней перайшоў у іншую сферу — пабудаваў ветрапаркі на дзвюх пляцоўках у Гродзенскай вобласці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут