Эдуард Пальчыс: да 2020-га ў беларусаў было шмат наіўнага і дзіцячага

02/09/2021 - 07:27

Палітвязень Эдуард Пальчыс з-за кратаў даў інтэрв'ю "Нашай Ніве". 

Пальчыс быў затрыманы 27 верасня 2020 года. Яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў, за гэта пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Цяжарная жонка Эдуарда з'ехала за мяжу і ўжо там нарадзіла дачку.

Пальчыс кажа, што затрымання чакаў ужо з ліпеня і не сумняваўся, што яго возьмуць па крымінальнай справе, "бо меў ужо адміністратыўку". Пакідаць Беларусь ён не збіраўся. "Я ўвогуле планаваў правесці гэты год спакойна", — кажа блогер. 

Трымацца за кратамі яму дапамагаюць сям'я і сябры: "З імі трымацца можна — хоць 10 гадоў".

Пальчыс кажа, што за кратамі пахудзеў і наракае на інфармацыйную блакаду, у тым ліку — адсутнасць лістоў: "Да красавіка 2021-га з поштай усё было больш-менш нармальна. Даходзілі лісты ад чужых людзей, адпраўляў свае таксама нармальна. З красавіка лісты амаль не прыходзяць. Хіба толькі ад сваякоў і тое не ўсе. Калі я не адказаў на ваш ліст — значыць, ён да мяне не дайшоў".

Пры гэтым, кажа ён былі два лісты ад Юрыя Васкрасенскага з прапановай падаць прашэнне аб памілаванні. "Але я нешта пакуль не зразумеў, хто гэта і чаму ён мне піша", — дадае палітвязень.

Наконт сітуацыі ў краіне Пальчыс кажа, што рады, што ўсё зацягнулася. Ён тлумачыць сваю пазіцыю так: "Бо да 2020-га ў беларусаў у палітычным сэнсе было шмат наіўнага і дзіцячага. Калі б усё было хутка і проста, то нацыя б не зрабіла важныя высновы, якія, я спадзяюся, яна зрабіла цяпер. Усё сапраўднае і вартае даецца праз выпрабаванні. Таму мы і перажываем унікальны час, хай і цяжкі. Гэта трэба выкарыстоўваць для ўсведамлення сапраўднага і добрага, будучага і мінулага".

Палітвязень мяркуе, што суд над ім будзе закрытым і яму дадуць рэальны тэрмін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі