Дзяўчына палітвязня Дзмітрыя Фурманава абвясціла галадоўку ўслед за ім

15/03/2021 - 11:06

Гродзенка Вольга Каракіна абвясціла галадоўку. Гэта дзяўчына палітвязня Дзмітрыя Фурманава, які праходзіць па "справе Тихановского" і сядзіць у СІЗА гродзенскай турмы.

У каментары БелаПАН дзяўчына паведаміла, што трымае галадоўку з 13 сакавіка. Яна пайшла на гэты крок, каб падтрымаць Фурманава, які абвясціў галадоўку на судовым пасяджэнні 11 сакавіка. 

Фурманаў абвясціў галадоўку ў сувязі з тым, што яго на пяць сутак пасадзілі ў карцар. Таксама ён пратэстуе супраць адносінаў у турме: апошні месяц яго сталі выводзіць з камеры, у тым ліку на шпацыр, у кайданках.

Ці выпусцілі Фурманава з карцара, Вольга не ведае. Бліжэйшым часам яго плануе наведаць адвакат. Наступнае пасяджэнне суда па справе Фурманава прызначанае на 17 сакавіка.

Сама Каракіна ўвосень 2020-га з'ехала ад палітычнага пераследу ў Вільню. 

Акрамя Фурманава сярод вязняў галадоўку абвясцілі Ігар Лосік і музыка Ігар Банцар. Яны трымаюць сухую галадоўку.

Раней, 12 сакавіка, стала вядома, што галадоўку ў падтрымку палітвязняў абвясціла супрацоўніца фонду "Краіна для жыцця" Марына Гарбуз.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі