Дзяўчына, асуджаная за SMS з каардынатамі закладкі, працягвае паміраць у турме

12/03/2019 - 09:19

Стан 20-гадовай Ірыны Антанюк, асуджанай на восем гадоў зняволення па “наркатычным” артыкуле 328, пагаршаецца. Да тузіна дыягназаў, пра якія яе маці Наталля Антанюк са слязамі на вачах распавядала Еўрарадыё тры з паловай месяцы таму, дадалося падазрэнне на анкалогію.

“У Іры выявілі дысплазію яечніка другой стадыі — трэцяя стадыя ўжо з’яўляецца анкалогіяй. Акрамя таго, з’явілася праблемы ў пахавай вобласці. Мая дзяўчынка пастаянна літаральна задыхалася ад кашлю. Напружанне ў арганізме было такім, што фактычна пачала з’яўляцца грыжа. Арганізм, які ўвесь час з-за адсутнасці добрых лекаў пічкаюць таннымі антыбіётыкамі, дае збой”.

На гэтым праблемы не скончыліся. У дзяўчыны ў трэці раз з’явіўся гаймарыт, але звычайныя праколы, пасля якіх зняволеную адразу вярталі ў атрад, ўжо не дапамаглі — лекары вымушаныя былі накіраваць яе на аперацыю. Хірургі павінны выразаць новаўтварэнне, якое з’явілася пад правым вокам дзяўчыны.

Ірына Антанюк разам са сваёй маці Наталляй

“У Ірачкі яшчэ тры тыдні таму мусіла быць аперацыя, але я дагэтуль не атрымала ад яе нават маленькай вестачкі. Я нічога не ведаю ўвогуле, — усхліпвае Ірына Антанюк. — Нічога з калоніі не прыходзіла. Мы з адвакатам накіравалі афіцыйны запыт у калонію, але адказу не было. Цяпер будзем рыхтаваць афіцыйную скаргу ў пракуратуру, бо інакш увогуле нічога не дачакаемся”.

Ірына Антанюк была затрыманая разам са сваім хлопцам увечары 5 траўня 2016 года ў Брэсце. Спачатку дзяўчына праходзіла сведкай па яго справе, аднак ужо раніцай наступнага дня апынулася ў якасці падазраванай у сталічным СІЗА №1. Дзяўчыну абвінавацілі ў саўдзеле ў распаўсюджванні наркотыкаў. Нагодай сталі падзеі, якія адбыліся за дзесяць месяцаў да гэтага: Ірына па просьбе знаёмага звязалася з інтэрнэт-крамай, якая гандлявала наркотыкамі, і пераслала яму эсэмэскай каардынаты закладкі. Суд палічыў Ірыну Антанюк датычнай да працы інтэрнэт-крамы, дзяўчыну асудзілі на восем гадоў зняволення па трэцяй частцы артыкула 328 Крымінальнага кодэкса.

Яшчэ да суда Ірына Антанюк пазбавілася аднаго лёгкага. У яе прагрэсавала бронхаэктатычная хвароба і эмфізэма другога лёгкага, а адзін з жалудачкаў сэрца знаходзіўся ў стане блакады і фактычна не працаваў. У якім менавіта стане Ірына знаходзіцца цяпер, яе маці не ведае. За апошні час разбітая горам жанчына не атрымала ніводнага ліста ці званка ад сваёй цяжка хворай дачкі.

Па словах праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, два з пастаўленых Ірыне дыягназаў выключаюць утрыманне за кратамі. Ён кажа, што з улікам якасці турэмнай медыцыны, васьмігадовы турэмны тэрмін азначае для Ірыны Антанюк смяротнае пакаранне.

13 сакавіка дзяўчыне спаўняецца 21 год.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі