Хлопца, які ўзняў бел-чырвона-белы сцяг на выступе "Крамбамбулі", аштрафавалі

07/08/2017 - 14:57

7 жніўня суддзя суда Заводскага раёна Мінска Алена Някрасава прысудзіла Дзмітрыю Навуменку штраф у 230 рублёў (10 базавых велічыняў), паведамляе праваабарончы сайт "Вясна"

Хлопца затрымалі 5 жніўня разам з Іванам Лісаўцом пасля канцэрту “Крамбамбулі” ў сталіцы. Там яны ўзнялі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. На затрыманых склалі пратакол за дробнае хуліганства. Міліцыянты звінавацілі Навуменку, што ён у нецвярозым стане лаяўся, чапляўся да грамадзянаў, не рэагаваў на заўвагі. 

Сам Навуменка распавёў, што выпіў піва на свяце. Калі выходзіў са стадыёна разам з сябрам, да іх падыйшлі міліцыянты: адзін у форме, другі ў цывільным. Міліцыянты адвялі хлопцаў у пакой міліцыі на стадыёне. Навуменка паведаміў, што ён не крычаў, а толькі падпяваў, як і шмат іншых людзей, да грамадзянаў не чапляўся, заўваг ад міліцыі не атрымліваў. 

Сведка-амапавец Віктар Харужы распавёў, што Навуменка паводзіў сябе агрэсіўна, лаяўся матам. Лаянку амапавец пачуў нават пры вельмі гучнай музыцы. Сведка дадаў, што затрыманы ні да каго не чапляўся, і менавіта лаянку ён ацаніў як чаплянне да грамадзян. 

Адвакат звяртаў увагу суда на нестыкоўкі ў пратаколе. Напрыклад, лаянка павінна быць публічнай і адрасаванай каму-небудзь. Таксама ён указваў на часавыя нестыкоўкі ў пратаколе. 

Аднак суддзя палічыла віну Навуменкі даказанай. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі