Dzieciuki: Мы не тое, каб місіянеры, але нясем адукацыю і асвету

29/01/2016 - 08:43

Падчас уручэння прэміі "Даём рады", якое адбудзецца 27 лютага ў мінскім клубе Re:Public, сыграюць Neuro Dubel, "Дай дарогу!", Dzieciuki і :B:N:. Такім чынам Еўрарадыё ўжо ў чацвёрты раз падвядзе музычныя вынікі года. КУПІЦЬ КВІТКІ

Еўрарадыё: Пасля “Даём рады”, дзе Dzieciuki выступяць разам з іншымі яскравымі прадстаўнікамі беларускага панк-рока, Neuro Dubel і “Дай Дарогу!”, вы сыграеце ў Беластоку разам з Brutto. Што для нас значыць выступіць разам з Міхалком?

Алесь Дзянісаў: Што для нас значыць выступіць разам? Я крану толькі адзін аспект. Цяпер у радыкальна лявацкай тусоўцы, разам з рознымі нацыкамі і праварадыкаламі плююць у наш бок, маўляў, вы тыя і тыя, не такія і не такія, няправільныя… Атрымліваецца, што абодва нашы гурты знаходзяцца ў адной лодцы, якая адчаліла ад нейкага карабля, які ішоў сваім курсам і потым раптам яго прыпыніў. Мы адышлі ад шоў-бізнэсу, ад левых тусовак, выйшлі з залежнасці ад субкультур.

Любога панка з вуліцы спытай, што такое левы, што такое правы. Ён скажа, што правы — нацыст, левы — антыфашыст. Насамрэч, усё значна больш складана. Свет, які малююць яны ў сваіх субкультурах, чорна-белы. Нават нягледзячы на тое, што яны змагаюцца за рознакаляровы свет. Яны вельмі моцна заціснутыя ў пэўныя рамкі, правілы, яны вельмі цэнзураваныя ўнутры, апранаюць сабе на вочы шоры… Я гэта кажу, бо я доўгі час быў сярод іх. І ў выніку мы маем адны і тыя ж праблемы, адных і тых жа крытыканаў. Зыходзячы з рамак сваіх маленечкіх тусовачак, яны нас колюць: “няправільна, няправільна, у нас прынята так казаць і так спяваць! Нацыянальзмам гуляецеся, ага!”. Ну а з правага боку, зразумела, што мы ванючыя левакі, бо ў іх нацыя, Бог, кроў, а мы не такія, якім мусіць быць сапраўдны чыстакроўны арыйскі беларус (смяюцца).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі