Хакеіст Джэф Плат не ведае, ці будзе ён надалей выступаць за нацыянальную зборную Беларусі. Пра гэта ён заявіў пасля нядзельнай паразы ад зборнай Славеніі, піша "Прессбол".
У матчы 4 верасня за пуцёўку на зімовую Алімпіяду-2018 зборная Беларусі па булітах саступіла камандзе Славеніі (2:3). Такім чынам, беларускія хакеісты прапускаюць другую запар Алімпіяду. Дарэчы, на папярэднія Гульні нашай зборнай перашкодзілі трапіць таксама славенцы.
31-гадовы Джэф Плат мае канадскае паходжанне, але з лютага 2012 года з'яўляецца беларускім грамадзянінам. Форвард не ўпэўнены, што хоча надалей гуляць за зборную Беларусі: "Мне давалі пашпарт дзеля выступу на Алімпійскіх гульнях. Зараз я вельмі моцна расчараваны".