"Дзецям кажу, што яна ў камандзіроўцы". Датэлефанаваліся да бацькоў Мельнікавай

07/04/2025 - 19:32

Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё

З 28 сакавіка, калі стала вядома пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, прайшло 10 дзён. Увесь гэты час паліцыя, калегі, сябры і журналісты занятыя яе пошукамі. Як высветліла Еўрарадыё, нават бацькі Мельнікавай не ведаюць, дзе яна.

Пад выглядам былой калегі Анжалікі мы датэлефанаваліся да маці зніклай спікеркі КР. З голасу зразумела, што жанчына падаўленая.

Маці Мельнікавай пацвярджае, што ўнучкі ў яе, але дзе сама Анжаліка — не ведае.

— Дзецям кажу, што ў камандзіроўцы і ўсё, — расказвае Аксана Мікалаеўна.

Яна дадае, што былы муж Мельнікавай Андрэй нічога ёй не кажа.

— Можа, хваляваць не хоча ці што. Не ведаю. Гэта мой былы зяць, разумееце?
 

"Гэта наогул загадка"

Паводле бацькі Анжалікі, апошні раз яны размаўлялі ў лютым — ён віншаваў дачку з днём народзінаў. Дзе Анжаліка цяпер, Артур Мікалаевіч не ведае.

— Гэта наогул загадка, — кажа мужчына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі