Дзеці са шматдзетных і апякунскіх сямей мусяць плаціць за сняданкі ў школах?

20/01/2016 - 14:28

Сняданкі ў мінскіх школах для дзяцей са шматдзетных сямей сталі платнымі. Ранішнія каша і гарбата абыдуцца бацькам у пятнаццаць тысяч за тыдзень. Але большасць сямей, з якімі Еўрарадыё абмяркоўвае чарговае студзеньскае новаўвядзенне ад гарадскіх уладаў, сума такая не пужае.

“15 тысяч — грошы невялікія, і па сямейным бюджэце іх выдаткоўванне на сняданак не ўдарыць. Можна і дома зранку добра пакарміць. Мой сын, напрыклад, у школе снедае пасля першага ўрока, дык ён і дома добра есць, і ў школе паесці не адмовіцца. За дваіх у месяц атрымаецца 120 тысяч… Можна, можна заплаціць 120 тысяч за сняданак”, — мяркуе Юлія, маці траіх дзяцей, старэйшыя з якіх вучацца ў гімназіі №9.

Па словах жанчыны, многія бацькі, якія выказваюць сваю незадаволенасць льготамі для шматдзетных, будуць рады. Ды і іх можна зразумець: калі ў звычайнай сям’і два школьнікі, сума ў 800 тысяч за месяц, якая ідзе на харчаванне ў школе, адчувальна б’е па кішэні. Праўда, уяўленне пра льготы, запэўнівае Юлія, у беларусаў перабольшанае:

“Усе гэтыя льготы раздутыя тэлебачаннем. Па факце, самае істотнае — гэта менавіта школьны абед. Вось гэта і ёсць сапраўдная льгота”.

Бясплатныя сняданкі для школьнікаў са шматдзетных сямей былі часткай Праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання ў Мінску на 2011-2015 гады. Цяпер яна скончылася. З яе завяршэннем звязанае і спыненне выплат дадатковай дапамогі да пенсій ветэранам і інвалідам, паслугі сацыяльнага таксі, пра якое паведамляла Еўрарадыё. Праўда, афіцыйна пра скасаванне льгот для пэўных катэгорый мінчукоў аб’яўлена не было.

Адпаведна, інфармацыя пра адмену бясплатных сняданкаў для вучняў са шматдзетных сямей дайшла не да ўсіх школ. Калі і дайшла, то па нейкай прычыне кіраўніцтва баіцца пра гэта казаць услых. А ў некаторых школах валодаюць інфармацыяй, якой пакуль не валодае прэса: аказваецца, адмяняюць сняданкі не школьнікам са шматдзетных сямей, а вучням з… апякунскіх сямей. Прынамсі, пра гэта Еўрарадыё “прагаварыліся” у гімназіі №9 і школе №73. У школе №70, што на Каліноўскага, запэўніваюць, што ў іх нічога не змянілася. Але з некаторых школ, як вынікае з матэрыялу tut.by,  дзеці ўсё ж прыходзяць дадому з цыдулкамі наступнага зместу:

“Паважаныя бацькі! Дзяржава паменшыла дапамогу дзецям са шматдзетных сямей. Сняданак цалкам не аплачваецца! Каб дзіця змагло атрымліваць сняданак такі ж, як астатнія дзеці, неабходна здаваць па 15 000 рублёў на тыдзень”.

У Мінгарвыканкаме, які пісаў-пісаў новую сацыяльную праграму на наступную пяцігодку, а пасля шэрагу новых указаў кіраўніка краіны ад 31 студзеня ўзяўся яе перапісваць, Еўрарадыё кажуць наступнае:

“Гэта не часовая мера. Гэтае пытанне цяпер вырашаецца”.

Не часовая мера, то бок, адмянілі назаўсёды ці паўза? У аддзеле адукацыі Ленінскага раёна пасланне Мінгарвыканкама спрабуюць расшыфраваць:

“Праграма па сацыяльным забеспячэнні на 2016-2020 гады падпісваецца. Калі падпішацца, ніхто сказаць дакладна не можа. А адмена бясплатных сняданкаў — гэта ўсё чуткі і здагадкі”.

У Мінску прыпынілі выплату дапамогі да пенсій, не працуюць сацыяльныя таксі

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі