Двое беларускіх дактароў: Іна Бабуш і Сяргей Здота — вызваленыя з палону ў Лівіі. Чакаецца, што ў бліжэйшы час яны прыляцяць у Маскву. У аэрапорце іх будуць сустракаць беларускія дыпламаты, якія дапамогуць вызваленым дактарам вярнуцца на радзіму.
Інфармацыю пра вызваленне беларусаў з лівійскага палону са спасылкай на амбасаду Беларусі ў Расіі паведамляе БелТА. Паводле папярэдніх звестак, садзейнічанне ў вызваленні беларускіх грамадзянаў аказвалі МЗС Расіі і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.
Па інфармацыі расійскага боку, беларускія грамадзяне працавалі ў Лівіі па кантракце з 2010 года. У кастрычніку 2017-га, калі іх кантракты былі скончаныя, Бабуш і Здота былі затрыманыя ўзброенымі людзьмі. Тыя забралі ў беларусаў дакументы і медыкі фактычна апынуліся ў палоне, не маючы магчымасці з'ехаць з горада Зінтан.
Паведамляецца таксама, што разам з беларусамі была вызваленая група расійскіх грамадзянаў.