Дварковіч назваў новую цану на расійскі газ для Беларусі

13/04/2017 - 16:01

Аркадзь Дварковіч назваў новую цану на расійскі газ для Беларусі. Па словах віцэ-прэм’ера Расіі, гэта “менш за 130 долараў” за тысячу кубаметраў.

“Што датычыць зніжкі, то канчатковыя лічбы назаве афіцыйны прадстаўнік “Газпрама” пасля падпісання адпаведных дакументаў, — цытуе словы Дварковіча РІА “Новости”. — Гаворка ідзе пра тое, што да кантрактнай цаны будуць выкарыстоўвацца паніжаючыя каэфіцыенты, якія прывядуць кошты да раней узгодненых узроўняў, прапісаных у нашых пагадненнях”.

Як паведамляла Еўрарадыё, у чацвер у Маскве прайшлі беларуска-расійскія перамовы, быў падпісаны пакет дакументаў у нафтагазавай сферы. Пратаколы падпісалі віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка і міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак. Пазней стала вядома, што наша краіна цалкам ліквідавала запазычанасць за пастаўлены расійскі газ — 726,2 млн долараў.

Аркадзь Дварковіч заявіў, што бакі знайшлі механізмы, якія дазваляюць беларускаму боку “дадаткова субсідаваць унутраныя цэны на газ і ўжо для канчатковых атрымальнікаў устанавіць больш нізкія кошты”. Выніковы кошт ён не назваў, толькі адзначыў, што яго ўстановяць беларусы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі