Чытаць болей: Як пакінуць Дубай, калі Блізкі Усход раздзірае вайна? Адказваюць тураператары
Мы схапілі трывожны чамаданчык — у ім была вада, нейкія цацкі — і пабеглі на паркінг. Было відавочна, што трэба хавацца і хаця б адысці далей ад вокнаў.
З 00:30 і прыкладна да трэцяй ночы мы сядзелі на паркінгу, бо бамбілі з усіх бакоў, атака была вельмі інтэнсіўнай. Бамбілі порт недалёка ад Пальмы, былі магутныя выбухі. ААЭ ў асноўным збівалі дроны і ракеты, але аскепкі ўсё роўна падалі, пашкоджанні былі. Зразумела, што фэйк-ньюс аказалася больш, чым рэальных разбурэнняў.
Мае сяброўкі жывуць у Business Bay [буйны дзелавы і жылы раён у самым цэнтры Дубая, — Еўрарадыё], яны бачылі, як збівалі дроны. Мэтамі абстрэлу былі славутасці Дубая.
Я думаю, гэта можна назваць дэманстрацыяй сілы, зайздрасцю і злосцю. Як потым напісалі СМІ, атака на Дубай была звязана з тым, што тут ёсць базы ЗША, але мне здаецца, гэта ў цэлым дэманстрацыя агрэсіі і сілы.
Зараз усё працуе, але краіна не была гатовая
Што да наступнага дня: многія пачалі панікаваць, нехта начаваў на паркінгу. А трэцяй ночы з намі звязаліся сябры — яны жывуць у іншым, больш аддаленым раёне. Раён называецца Dubai Creek, ён знаходзіцца на асобным востраве. Там усё працуе, прагулачная набярэжная адкрытая — імітацыя нармальнага жыцця. Выбухі чуваць, але здалёк.
Спачатку была спроба пасеяць паніку: службы дастаўкі не працавалі паўдня, але потым усё аднавілася. Раніцай пайшлі закупляцца прадуктамі — ужо была чарга, людзі скуплялі ваду.
Зараз усё працуе: у крамах усё ёсць, дастаўка працуе, прывозяць каву, ваду. У Дубаі з прадуктамі праблем няма. Мы думаем перасядзець, паглядзець, што будзе далей, а потым прымаць рашэнне. На лета мы ў любым выпадку плануем з’язджаць, але калі сітуацыя будзе пагаршацца, магчыма, з’едзем раней.
Калі ўсё хутка супакоіцца, за два тыдні, то проста пажывём у іншым раёне — без славутасцей, які здаецца больш спакойным.
У цэлым мы дакладна плануем вярнуцца восенню, бо дзіця ходзіць тут у дзіцячы сад, і тут жа мы плануем ісці ў школу — калі не будзе страшных сцэнарыяў.
Большасць маіх знаёмых засталася ў Дубаі. Садкі і школы закрыты да 4 сакавіка, біржы таксама. Большасць рэстаранаў і гандлёвых цэнтраў адкрытыя. Людзей на вуліцы няшмат, але часткова гэта звязана з Рамаданам.
Я не магу сказаць, што людзі ў паніцы, але відавочна, што краіна не была гатовая да атакі. Афіцыйныя СМІ не паведамляюць нічога, акрамя таго, што пра нашу бяспеку клапоцяцца як могуць.
Яшчэ было апублікавана папярэджанне, што за фэйк-ньюс будзе штраф ад 30 тысяч долараў.
Улады паводзяць сябе максімальна прыязна: сказалі, што аплоцяць турыстам усе выдаткі, звязаныя з адменай рэйсаў. Гэта выглядае так, нібыта яны падтрымліваюць насельніцтва, але пры гэтым няма ні сістэмы апавяшчэння, ні сховішчаў.
На дадзены момант у ААЭ знаходзіцца больш за 2,5 тысячы турыстаў з Беларусі
У апошнія гады Дубай і іншыя гарады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў падарожнікаў. Як паведамляюць у Нацыянальным агенцтве па турызме, на дадзены момант у ААЭ знаходзіцца больш за 2,5 тысячы турыстаў з Беларусі.
— Панікі, канешне, у гэтыя дні шмат, — кажа адзін з беларусаў.
— Пакуль рэгулярныя авіязносіны з Мінскам скасаваны, беларусы спадзяюцца на вылет 6 сакавіка, — каментуюць сітуацыю эксперты VisaFlow. — Многія пляжы ў Дубаі цяпер закрыты, але грамадскія месцы даступныя. У цэнтры горада ў цэлым спакойна, людзі ходзяць і гуляюць — тут усё ок.
Пакуль паветраная прастора закрыта, у Белавія паведамляюць пра арганізацыю вывазных рэйсаў 4 і 5 сакавіка. Паводле плана, самалёт вылеціць з
Мінска без пасажыраў і даставіць у Беларусь пасажыраў з Дубая.
Як піша тэлеграм-канал авіякампаніі, цяпер ідзе працэс атрымання дазволаў на выкананне гэтых рэйсаў.
3 сакавіка з Дубая вылецеў самалёт са 189 пасажырамі, у якіх былі авіябілеты на 28 лютага.
Борт В737-800 з рэгістрацыйным нумарам EW-455PA прыбыў у міжнародны аэрапорт у суботу раніцай 28 лютага, але выканаць зваротны рэйс у Мінск у той жа дзень ужо не змог праз атакі Ірана.