Дэйв Льюіс заявіў, што адчувае сябе вінаватым перад Беларуссю

11/05/2017 - 14:18

Галоўны трэнер хакейнай зборнай Беларусі Дэйв Льюіс пракаментаваў няўдалае яе выступленне на першынстве свету. У Францыі беларускія хакеісты пацярпелі чатыры паражэнні ў чатырох матчах. Але самае сумнае, што яны не дэманструюць характару, прагі да перамогі. “Ні х… не атрымліваецца!”, — сказаў Сяргей Касціцын пасля ўчорашняга паражэння ад швейцарцаў (0:3).

Льюіс кажа, што за два апошнія чэмпіянаты свету ўчорашні дзень быў для яго самым складаным. “Адчуваю сябе вінаватым перад гульцамі, перад федэрацыяй, перад краінай, — цытуе словы галоўнага трэнера БЕЛТА. — Я не чакаў такога выніку ў матчы з швейцарцамі”. Дэйв Льюіс спрабуе знайсці прычыны няўдалага выступлення зборнай, але дакладнага адказу яшчэ не мае. Ён наракае на расклад, на тое, што “топ-гульцы” сябе не праявілі, што хакеістам не хапае хуткасці, што “каманда выходзіць на лёд з нулявой верай у свае сілы”. Паводле яго слоў, не спрацавалі і перастаноўкі ў звеннях.

“Неабходна знайсці варыянт, які спрацуе і дазволіць нам атрымаць перамогу, — кажа галоўны трэнер. — Я не шукаю апраўданняў, цяпер трэба знайсці спосаб перамагчы. І пры гэтым трэба застацца адзінай камандай”.

Льюіс кажа, што цяпер усе думкі пра наступны матч (12 траўня ў 21.15 з французамі). Ён заўважае, што трэнеры не могуць выйсці на пляцоўку, толькі гульцы здольныя пераламіць сітуацыю.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі