Дэпутат: Я не прымаю ваша слова “абяцанне” — гэта вельмі дрэннае слова

15/07/2016 - 14:16

Амаль тры дзясяткі дзеючых дэпутатаў хочуць імі і застацца. Навошта — няўжо не выканалі ўсе абяцанні, якія давалі сваім выбаршчыкам? Звяртаюся да дэпутатаў з просьбай сфармуляваць адно, самае галоўнае абяцанне.

“Галоўнае абяцанне — служыць Радзіме — павінна быць у кожнага дэпутата, у тым ліку і маё абяцанне, — цалкам сур’ёзна адказвае Аляксандр Сягоднік. — Садзейнічаць усім добрым справам, якія рабіліся ў раёне, а іх рабілася нямала. І ўсё, што там яшчэ можа быць: служыць людзям і краіне”.

І тлумачыць: меркаванне, што дэпутат павінен даваць абяцанне нешта зрабіць для сваёй выбарчай акругі “з былых часоў засталося”. А сёння галоўнае ў дэпутацкай працы —заканатворчая дзейнасць. Ствараць такую “нарматыўную базу для краіны, каб узмацняць яе незалежнасць і бяспеку, а людзям — быць упэўненым у заўтрашнім дні”. Маўляў, над гэтым дэпутаты і працавалі ўсе чатыры гады. Праўда, у адказ на пытанне пра колькасць распрацаваных і прапанаваных да разгляду асабіста ім законапраектаў, чамусьці кажа пра працу над Кодэксамі “Аб адукацыі” і “Аб культуры”. Распрацоўвалі якія Мінадукацыі і Мінкульт адпаведна. Тым не менш…

“Я ішоў для таго, каб дапамагаць сістэме адукацыі. І калі цяпер шмат якія пытанні вырашаюцца, то ўсе, хто мяне ведае — усе прасілі, каб я яшчэ ішоў у дэпутаты”, — кажа будучы кандыдат у дэпутаты.

Набіраю нумар намесніка старшыні камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Валянціна Мілашэўскага. Але ён нават не выслухвае да канца пытанне пра галоўнае абяцанне выбаршчыкам і… вешае слухаўку.

Андрэй Навумовіч, старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі адказвае нечакана.

“Я не прымаю ваша слова “абяцанне” — гэта вельмі дрэннае слова. Абяцанняў ніколі даваць не трэба: у залежнасці ад абставін вырашаюцца рознага плана пытанні. Абяцаць людзям — гэта не ў маім выпадку. Я калі сустракаўся на мінулых выбарах з людзьмі, то адразу сказаў: давайце адыдзем ад абяцанняў, што я магу зрабіць — зраблю, а што не магу — і абяцаць не буду”, — кажа дэпутат.

Праўда, прызнае, што ёсць пытанні, якія вырашыць пакуль не атрымалася.

Спрабую пагаварыць з дэпутатам Алегам Леўшуновым, той спачатку спасылаецца на занятасць, а пачуўшы пытанне пра выбарчае абяцанне, перанакіроўвае ў… прэс-службу парламента!

Вось статыстычныя дадзеныя на сайце Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты за ўвесь час працы не адхілі ніводнага законапраекта, ніводнага не накіравалі на дапрацоўку. Чаго ж у такім выпадку здзіўляцца, калі людзі лічаць, што дэпутаты проста галасуюць за тое, што ім зверху накіравалі?!

"Я некалі таксама так думаў, — нечакана кажа дэпутат Аляксандр Сягоднік. — Але калі працуеш сам, усё абсалютна іншае. Мы ж не гэтыя… расійскія дэпутаты ці ўкраінскія, якія плююцца, у нас у камісіях уся праца праходзіць”.

“Па адным з законапраектаў, з якім я працаваў, было праведзена ажно 28 пасяджэнняў працоўных груп! — кажа дэпутат Андрэй Наумовіч.Гэта быў законапраект “Аб кантрольнай дзейнасці дзяржаўных органаў”".

“Прыйдзіце ў працоўную групу — пачуеце, якія спрэчкі ідуць, як мяняем мы ўсе пытанні. Ну, якія магчыма: калі будзе ўпірацца ў іншую нарматыўную базу і пазіцыю палітычную, то не памяняем. Ды, мы і не будзем гэтага рабіць: мы за стабільнасць, суверэнітэт, нармальнае развіццё і ўпэўнены рух наперад”, — падтрымлівае калегу Аляксандр Сягоднік.

Толькі не зусім зразумела, чаму ў нядаўна прынятыя законы так часта даводзіцца ўносіць праўкі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі