Дэпутат ВР апублікаваў дакумент, праз які КДБ мог затрымаць "украінскіх шпіёнаў"

20/11/2017 - 12:23

Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Зміцер Тымчук апублікаваў дакументы, якія, як ён мяркуе, сталі нагодай для затрымання Камітэтам дзяржбяспекі Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі і невядомага беларуса. Дакументы тычацца расійскай прысутнасці ў Беларусі, а іх "разынкай" Тымчук называе звесткі пра размяшчэнне ў ваенгарадку ля вёскі Цэль расійскай ракетнай брыгады ў ліпені 2018 года.

"Непасрэдна ў дзень затрымання П.Шаройка сустрэўся з супрацоўнікам прапагандысцкага тэлеканала НТВ (Расійская Федэрацыя) па просьбе апошняга. Ён спрабаваў перадаць Паўлу нібыта сакрэтныя дакументы па выкарыстанні тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для ўварвання ва Украіну (дэталь: супрацоўнік НТВ сцвярджаў, што дадзеныя дакументы — з расійскага Генштаба, хаця нават беглы іх аналіз паказвае, што яны маюць дачыненне выключна да беларускіх Узброеных сілаў). У іх, між іншым, гаворыцца пра агульнае ўзмацненне вайсковага "супрацоўніцтва" з РФ", — заўважае Тымчук.

Па словах украінскага дэпутата, Шаройка прыняць дакументы адмовіўся, але пасля сустрэчы ўсё роўна быў затрыманы. Аналіз папераў паказаў, што яны "з'яўляюцца падробкай, якая імітуе чарнавік сапраўднага грыфаванага дакумента" з Міністэрства абароны Беларусі. "Яго форма і стыль максімальна набліжаныя да дакументаў МА РБ", — заяўляе Зміцер Тымчук.

Украінскі журналіст Павел Шаройка з 25 кастрычніка знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ Беларусі ў Мінску, яго падазраюць у шпіянажы. 20 лістапада КДБ паведаміў, што разам з ім быў затрыманы невядомы грамадзянін Беларусі, супраць якога пачалі крымінальную справу за здраду радзіме.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі