Дэпутат:Пытанне дапамогі па даглядзе за інвалідам трэба паставіць перад Саўмінам

29/09/2016 - 13:32

Маці інваліда-калясачніка пазбавілі грашовай дапамогі па даглядзе за сынам з-за таго, што ён паехаў у падарожжа па Еўропе. Аляксандр Аўдзевіч паведаміў пра гэта ў Facebook, адразу пасля вяртання дамоў. З аднаго боку, чыноўнікі паступілі ў адпаведнасці з законам, але з іншага — на два месяцы жанчына засталася без сродкаў для існавання, бо па законе яна не мела права атрымліваць дапамогу (а гэта ўсяго 175 рублёў) і паралельна працаваць.

Намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы, а цяпер ужо дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім кажа, што сітуацыя вельмі сур’ёзная і патрабуе не менш сур’ёзнага і дасканалага падыходу.

“Мне таксама не спадабалася тое, што калі чалавек атрымлівае дапамогу па даглядзе за інвалідам, то ён чамусьці не мае права працаваць, — працягвае Алена Анісім. — Калі такая малая дапамога (175 рублёў), то ён мог бы падпрацоўваць. Ёсць жа і дыстанцыйная праца, якая дазваляе не перарываць дагляд за інвалідам. Мяне здзівіла, чаму чыноўнікі так бяздушна і вельмі фармальна ставяцца да падобных рэчаў. З аднаго боку, яны гатовыя хваліцца дасягненнямі і прыпісваць сабе поспехі тых жа спартоўцаў. А з іншага боку, у канкрэтнай жыццёвай сітуацыі ствараюць такім людзям праблемы”.

Сябра камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансам Валерый Барадзеня нічога дзіўнага ў гэтай гісторыі не бачыць. Маўляў, нашы ж людзі не любяць чытаць законы. Па словах дэпутата, падчас афармлення дагляду за інвалідам падпісваецца заява, на якой унізе прапісана, што ў выпадку выезду інваліда за мяжу выплаты прыпыняюцца. Ну, а тое, што для аднаўлення выплат даводзіцца збіраць даведкі, — такі закон і яго трэба выконваць. Памеры дапамогі, на думку дэпутата, адпавядаюць эканамічным магчымасцям краіны, а вось забарона на працу патрабуе асобнага абмеркавання.

“Я не ведаю, чым кіраваліся ў 2006 годзе, калі выходзіла пастанова Саўміну, — разважае Валеры Барадзеня. — Але сапраўды, сума маленькая, на яе асабліва не пражывеш. Чаму нельга падпрацоўваць, незразумела. Гэта менавіта тое пытанне, якое нам варта паставіць перад Саўмінам, каб закон быў дапрацаваны. Мала таго, забароненая ж адукацыя, напрыклад, той жа дзённай формы навучання. Інваліды ж ёсць розныя, нават першай групы. І не абавязкова, што іх трэба на руках насіць суткамі, некаторыя ж могуць самі сябе хоць часткова даглядаць. Ёсць повад звярнуць увагу і дапрацаваць усе хібы”.

Дэпутат Алег Леўшуноў, які з’яўляецца сябрам пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, а значыць, пытанні пенсій ды дапамогі — яго прамы абавязак, ад размовы адмовіўся. Пачуўшы, што да яго звяртаецца Еўрарадыё, ён спаслаўся на нейкую нараду і, зрабіўшы выгляд, што не чуе пытання пра тэрміны яе заканчэння, паклаў слухаўку. Так выпадкова здараецца, што менавіта нарады і неверагодная занятасць традыцыйна перашкаджаюць Алегу Леўшунову адказваць на пытанні Еўрарадыё. А шкада! Хоць цалкам верагодна, што акурат у гэты момант спадар Алег вывучае недарэчнасці ў заканадаўстве і рыхтуе яго змены на карысць грамадзян.

Нагадаем, інвалід-калясачнік Аляксандр Аўдзевіч выехаў на хэндбайку з Ліды 1 ліпеня. За амаль тры месяцы хлопец праехаў “на руках” чатыры тысячы кіламетраў, каб убачыць Атлантычны акіян.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі