Дэмакратычныя партыі не будуць ладзіць сумеснае назіранне за рэферэндумам

30/12/2021 - 15:29

Беларускія дэмакратычныя партыі не будуць ладзіць сумесную кампанію назірання за правядзеннем канстытуцыйнага рэферэндуму. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую падпісалі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Партыя БНФ.

"Мы, прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый, лічым, што сёння, калі захоўваецца палітычны крызіс і працягваюцца рэпрэсіі, унясенне зменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь з’яўляецца немэтазгодным. Падрыхтаваны праект не накіраваны на стабілізацыю палітычнай сітуацыі ў краіне. Пры гэтым прапануецца вынесці на рэферэндум значную колькасць зменаў адзіным пакетам", — падкрэсліваецца ў заяве.

Палітычныя партыі кажуць, што планавалі сумесную кампанію назірання. Падобныя кампаніі яны ладзілі з 2014 года ў рамках кампаніі "Права выбару".
 
Памяняць рашэнне яны вырашылі ў выніку таго, што цяпер сілавыя структуры пачалі пераслед назіральнікаў выбарчай кампаніі 2020 года. Пад гэты пераслед трапілі і сябры палітычных партый. 

Таксама аўтары заявы згадваюць, што распаўсюд каранавіруснай інфекцыі выкарыстоўваецца ўладамі для абмежавання доступу назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.
 
Таму дэмакратычныя партыі адмаўляюцца да назірання за канстытуцыйным рэферэндумам і паведамляюць, што кампанія назірання “Права выбару” спыніла сваю працу ў 2020 годзе.

Канстытуцыйны рэферэндум ўлады мяркуюць правесці ў другой палове лютага 2022 года. Офіс Святланы Ціханоўскай і НАУ Паўла Латушкі заклікаюць беларусаў прыйсці і перакрэсліць усе варыянты адказаў у бюлетэнях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі