Дэлегацыя Украіны пагражае сысці з ПАСЕ, калі вернуцца прадстаўнікі Расіі

25/06/2019 - 11:19

Украінская дэлегацыя пагражае байкатаваць пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, калі туды вернуцца расійскія дэлегаты. Пра гэта заявіла выканаўца абавязкаў старшыні Парламенцкага камітэта па еўрапейскай інтэграцыі Марыя Іёнава, перадае Громадське.

"Мы не бачым сябе ў адной зале з расіянамі. Мы проста спынім удзел Украіны ў летняй сесіі. І ўвогуле я не ведаю, ці можна будзе вярнуцца туды, калі шчыра", — дадала яна. У такім разе ўкраінская дэлегацыя не прыме ўдзел у галасаванні за новага генеральнага сакратара ПАСЕ. 

Іёнава таксама паведаміла, што 25 чэрвеня Украіна будзе пратэставаць супраць вяртання паўнамоцтваў Расеі ў ПАСЕ. Яна нагадала, што 6 з 11 чальцоў расійскай дэлегацыі знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі, бо яны галасавалі за рашэнне пра "ўвядзенне войскаў" на тэрыторыю Украіны.

Раней паведамлялася, што чальцы ПАСЕ прагаласавалі за вяртанне расійскай дэлегацыі ў асамблею. За гэтае рашэнне прагаласавалі ў поўным складзе дэлегацыі Францыі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Нарвегіі, Аўстрыі, Славакіі, Турцыі, Ісландыі, Кіпра ды Азербайджана.

Расія была пазбаўленая права голасу ў ПАСЕ ў красавіку 2014 года за далучэнне Крыма і развязванне вайны на Данбасе. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі