99 адсоткаў новага альбома Akute — праца фронтмэна Станіслава Мытніка

01/03/2018 - 10:07

У 2018 годзе магілёўскі гурт Akute плануе выдаць новы, пяты па ліку, альбом. Па словах аўтара песень і бас-гітарыста каманды Рамана Жыгарава, гэта будзе прарыў, шок і выбух.

 
"Трэк "Усе песні спетыя" можна назваць узорам таго, якім будзе пяты альбом Akute", — тлумачыць Раман у жывым эфіры Еўрарадыё. 

 

Музыка кажа, што кружэлку нельга назваць цалкам электроннай. На ёй можна будзе пачуць як жывыя барабаны, так і жывыя гітары. Але на апошні дзень нараджэння фронтмэну гурта Станіславу Мытніку падарылі сінтэзатар, таму ў каманды пачаўся новы адлік гісторыі. 


"Ужо на чацвёртым альбоме мы думалі рухацца ў які-небудзь новы бок, бо нам падавалася, што ў сваім стайле мы дайшлі да нейкай мяжы,  — працягвае Раман. — Трэба было нешта мяняць. Але такія змены мусяць быць эвалюцыйнымі, як гэта стала з гуртом "Глюкі". Шмат хто кажа, што ў апошнім альбоме гэтага гурта можна было заўважыць пераход да Akute. Гэтак жа можна і на папярэдняй кружэлцы Akute заўважыць пераход да новай, эксперыментальнай".

 

Раман Жыгараў абяцае, што новы альбом Akute стане найлепшым не толькі ў гісторыі беларускага року, але і беларускай электронікі. Пакуль каманда вырашае, як цікавей падаць матэрыял, і прызнаецца, што ўпершыню слухач пачуе ад Akute сапраўдны мядляк. 


Канцэртная прэзентацыя апошняга сінгла Akute "Усе песні спетыя", які, уласна, анансуе новы лонгплэй, пройдзе 8 сакавіка ў сталічным клубе "Бруге".

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі