Дапрацаваны беларускі электрамабіль пакажуць да канца 2018 года

26/04/2018 - 12:33

Дапрацаваны беларускі электрамабіль пакажуць да канца 2018 года. Пра гэта паведаміў старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.

Як вядома, першы беларускі электрамабіль быў прэзентаваны ў жніўні 2017 года. Эксперыментальны асобнік быў створаны інжынерамі Аб’яднанага інстытута машынабудавання на базе серыйнай машыны GeelySC7 беларускай зборкі. Магутнасць яе рухавіка складае 60 кВт. У пачатку 2018-га электрамабіль паставілі на ўлік у ДАІ. Аляксандр Лукашэнка даручыў працягваць яго ўдасканаленне.

Гусакоў адзначае, што летась паказвалі “прыкладную мадэль”, а цяпер ідзе праца “над цалкам беларускім узорам электрамабіля”. Пры гэтым ён будзе прадстаўнічага класа, сярэдняга класа і даступны для шырокіх слаёў насельніцтва. "Ён павінен быць даступны па цэнах і зручным у выкарыстанні”, — кажа старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.

Уладзімір Гусакоў падкрэслівае, што пытанне аб вытворчасці беларускіх электрамабіляў паставяць толькі ў тым выпадку, калі яны па сваіх тэхнічных характарыстыках не будуць саступаць замежным аналагам. І на сённяшні дзень айчынныя спецыялісты паспяхова прасоўваюцца наперад.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі