Дапамог жонцы Пазняка: беларускі комік выступіў у Польшчы перад 4 000 гледачоў

22/10/2026 - 13:41

Міхась Ільін / @enea.arena

Беларускі комік выступіў у Польшчы перад 4 000 гледачоў: Міхась Ільін у Шчэціне “разаграваў” польскую стэндаперку Ольку Шчэньшняк 17-га кастрычніка.

Пра свой першы выступ на арэне, а таксама пра тое, як увогуле туды трапіў і пры чым тут жонка Пазняка, Еўрарадыё распавёў сам Міхась.

— Олька Шчэньшняк — вельмі вядомая камікеса. Займаецца камедыяй больш за дзесяць гадоў. Мае на ютубе канцэрты з мільённымі праглядамі. Напісала ў інстаграм з прапановай выступіць….

— То-бок сама прапанавала?

— Так. Ужо ў Шчэціне ў яе запытаўся, адкуль пра мяне даведалася. Аказалася, што гэта вынік майго выступу ў польскай праграме Masz Minutę. Комік з журы гэтага шоу парэкамендаваў ёй мяне. Олька для свайго канцэрта на арэне шукала “новыя твары”. Перакладаючы з далікатнай мовы — ноўнэймаў. Але, відаць, было патрабаванне да гэтых ноўнэймаў  — каб не былі зусім зялёныя. Выступ перад чатырма тысячамі гледачоў — для многіх няпросты досвед. Кажучы без далікатнасці, можна і абасрацца.

— І як прайшло?

— У мяне такі досвед упершыню. Папярэдні рэкорд — 700 гледачоў. Гэта акурат было на здымках шоу Masz Minutę. Чатыры тысячы адчуваюцца, вядома, інакш. Калі выйшаў на сцэну, то спачатку асаблівай розніцы і не адчуў. Зала была цёмная — нібыта выступаеш у клубе на 50 гледачоў. Розніцу адчуў у гуку, бо было адчуванне, што не жарты прамаўляеш, а выступаеш на мітынгу з нейкімі прамовамі. Акустыка іншая, бо гэта ўсё на арэне адбывалася. Ну і, адпаведна, рэакцыя была іншая. Смех такога натоўпу цягнецца даўжэй, бо спрацоўвае, у добрым сэнсе, стаднае пачуццё. Калі ты смяешся, а побач смяюцца яшчэ 3 999 чалавек, то гэта падбухторвае цябе яшчэ больш смяяцца. Таму на сцэне правёў больш часу, чым сам планаваў.

— Пра што жартаваў?

— Я — чалавек з [беларускім] акцэнтам. Ад гэтага нікуды не падзецца, таму распавядаў пра жыццё эмігранта, вывучэнне польскай мовы, розніцу паміж Беларуссю і Польшчай. То-бок такая камедыя назірання ад беларуса.

Дарэчы, пасля выступу быў адзін прыкол. Муж Олькі (і па сумяшчальніцтве яе менеджар) прызнаўся, што мае беларускія карані і нават беларускае прозвішча. Пытаюся: “Якое?” Ён кажа: “Пазняк!” Распавёў яму пра Зянона Станіслававіча. Маўляў, гэта жывы сімвал беларушчыны і галоўны апазіцыянер рэжыму Лукашэнкі. Польскаму Пазняку гэта спадабалася… Дарэчы, нейкае СМІ магло б напісаць: “Беларускі комік разагрэў жонку Пазняка”.

— Ці хваляваўся падчас выступу перад такой вялікай аўдыторыяй?

— Перад мерапрыемствам з’явіўся няпросты квест. Сказалі, што пасля свайго выступу мушу аб’явіць наступнага коміка. Я кажу: “Спадзяюся, што ў яго няма нейкага цяжкага польскага прозвішча, што гэта не Гжэгаж Бжэнчышчыкевіч”. Мне кажуць: “Супакойся, у яго ўвогуле не польскае прозвішча. Ён з Кеніі, і завуць яго… Дэвід Мбэда Ндэге”.

То-бок на працягу ўсяго выступу хваляваўся толькі за адно — каб не забыцца і правільна вымавіць такое экзатычнае прозвішча. У астатнім — усё супер. Арганізатарам, відаць, усё спадабалася, бо запрасілі на наступны канцэрт Олькі на арэне. У лістападзе яна будзе выступаць у Катавіцах на пляцоўцы, дзе некалькі гадоў таму гралі Rammstein. Калі яна зноў збярэ солд-аут, то будзе новы рэкорд — сем тысяч гледачоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі