Фільм пра фанатаў Макса Каржа распавядае пра моладзь, якая эмігравала. / калаж Euroradio via Chat GPT
У Польшчы адбыўся прэм’ерны паказ “Дзвіжа” — дакументальнага фільма пра міжнародную супольнасць фанатаў музыкі Макса Каржа. Працу зняў дакументаліст Аляксандр Гарадко, а прадзюсарам выступіў тэлеканал “Белсат”. Сама стужка ўжо паспела атрымаць дзве ўзнагароды на фестывалях у Шчэціне (Прыз журы) і Лодзі (Прэмія імя Аляксандра Камінскага за пераадоленне пагроз).
Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі з’ездзіў на прэм’еру стужкі і расказвае, чаму фільм пра супольнасць шматтысячнай арміі фанатаў Каржа аказаўся люстэркам пакалення, якое спрабуе адказаць на складаныя выпрабаванні сённяшняга часу.
***
За апошнія гады Макс Корж імкліва эвалюцыяніраваў з тыповага папулярнага музыкі міжнароднага ўзроўня да сапраўднага айчыннага enfant terrible. Такога нязноснага дзіцяці, якое стабільна падлівае паліва ў вогнішча спякотных унутрыграмадскіх спрэчак беларусаў.
Адны ніяк не забудуць яго “пацаны, тармазіце на сёння” ў самы разгар беларускіх пратэстаў 2020 года. Другія абураюцца яго абцякальнымі зваротамі падчас канцэртаў спыніць вайну, хоць сам спявак адразу вызначыўся з сумленным бокам канфлікту. Трэціх раздражняе яго рускамоўная творчасць, а чацвёртых — хуліганскія выхадкі фанатаў падчас ці пасля канцэртаў Каржа па ўсёй Еўропе.
Прайсці міма такога, поўнага жыцця, матэрыялу было немагчыма. Тым болей дакументальнаму аддзелу тэлеканала “Белсат”, які, пры поглядзе на яго звонку, перажываў пэўны крызіс праз недахоп фінансавання, перастаноўкі ў кіраўніцтве канала і засілле тэм украінскай вайны і беларускіх рэпрэсій.
Яго падхапіў рэжысёр Аляксандр Гарадко, які адзначыўся на канале “Маланка” дакументальным шоу “Без рэтушы”. Яго вядоўцы раскрывалі ўнутраны свет знакамітых і цалкам невядомых беларусаў, што жывуць за межамі радзімы.
Той жа фокус — праз агульнае да прыватнага — аўтар узяў на ўзбраенне і ў сваім поўнаметражным “Дзвіжы”, названым роўна так жа, як і самаарганізаваная супольнасць фанатаў спевака з краін былой савецкай прасторы. А адпраўной кропкай сталі падрыхтоўка і правядзенне канцэрта ў Варшаве на PGE Narоdowy у жніўні 2025 года.
Аднак галоўная тэма фільма аказалася ўсё ж іншай, чым заяўленая ў назве амбітная спроба асэнсаваць феномен творчасці Каржа, яго асобы ці яго шматтысячнай фанацкай супольнасці.
У цэнтр увагі стваральнікаў трапілі пяць гісторый маладых людзей, якія апынуліся ў вымушанай ці добраахвотнай эміграцыі. І, бадай, адзінае, што іх аб’ядноўвае, — любоў да музыкі беларускага музыкі.
Сам жа Корж у фільме — умоўная фігура. Недасяжны ні фанатам, ні аўтарам фільма сімвал, вакол якога збіраюцца людзі з рознымі біяграфіямі, поглядамі і чаканнямі. Яго цалкам можна было б замяніць іншым папулярным выканаўцам, і змест стужкі амаль не змяніўся б. Спявак тут становіцца нагодай пагаварыць пра тых, хто спрабуе знайсці сваё месца ў свеце, дзе звыклыя арыенціры разбураюцца, а ўладкаванае ўжо жыццё даводзіцца будаваць нанова.
У размове пасля паказу рэжысёр прызнаўся, што свядома адмовіўся ад пошуку ўзорных прадстаўнікоў супольнасці “Дзвіж”. Таму яго героі — беларусы, украінцы і расіяне, якіх жыццё раскідала па розных краінах. І прымусіла па-рознаму ставіцца да палітыкі, вайны і ўласнай будучыні.
Але ці дастаткова гэтага, каб гаварыць пра адзіную супольнасць? “Дзвіж” хутчэй грае на супярэчнасцях паміж героямі, чым даследуе сувязі, якія могуць іх аб’ядноўваць.
Іх гісторыі існуюць побач, але не заўсёды складаюцца ў дасканалы партрэт пакалення. Фанацкая супольнасць застаецца перадусім агульнай рамкай, а не самастойным аб’ектам для мастацкага асэнсавання.
Пры гэтым дыскрэтнасць асобных гісторый дазваляе ўбачыць, што стаіць за знешняй бесклапотнасцю яе носьбітаў.
Для Алёны з Чэхіі канцэрт — гэта магчымасць сустрэцца з віртуальным каханым і наіўна памарыць пра іх сумесную будучыню, якая яшчэ можа не адбыцца.
Для Пеці з Іспаніі — спосаб перажыць эміграцыю і дэградацыю міжнароднага іміджу Радзімы, якая стала краінай-агрэсарам.
Для Дзімы з Варшавы — шанец сустрэць людзей, якім не трэба будзе тлумачыць уласны досвед, жывучы ў эміграцыі.
А для Бодзі з Венгрыі — музыка і лозунгі пра жыццё ў кайф становяцца зручным аргументам, каб схавацца ад непрыемных думак пра акупаваны родны Мелітопаль і неабходнасць бараніць Украіну.
Праз іх “Дзвіж” ператвараецца ў люстэрка пакалення турбулентых часоў. Маладзёнам даводзіцца адначасова асэнсоўваць вайну ва Украіне, палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі і Расіі, разрыў з домам і неабходнасць самастойна выбудоўваць жыццё ў эміграцыі.
Не ўсе яны гатовыя выразна сфармуляваць свае погляды. Але спроба застацца па-за палітыкай у такіх абставінах сама па сабе становіцца пазіцыяй на шляху сталення іх асоб.
І ў гэтым камусьці з іх дапамагае зманліва простая лірыка Каржа. Бо сапраўды, у яго песнях нібы ёсць адказы на ўсе выпадкі жыцця: трэба жыць у кайф, знаходзіць сваіх і бараніць свой дом.
Для маладзёна, які сутыкаецца з няпэўнасцю і не ведае, што будзе заўтра, такая карціна можа выглядаць асабліва прывабнай. Яна прапануе зразумелыя формулы і стварае ілюзію, што складаную рэчаіснасць можна адсунуць убок, хаця б на час варшаўскага канцэрта.
Аднак формулы з поп-песень не вытрымліваюць сутыкнення з рэальнасцю. Калі гаворка заходзіць пра вайну, недастаткова заклікаць усіх спыніцца: важна разумець, хто напаў, а хто абараняецца, хто нясе адказнасць за працяг гвалту, а каму патрэбна дапамога.
Нейтральныя лозунгі музыкі могуць аб’ядноўваць натоўп, але яны не адказваюць на пытанні, ад якіх залежыць жыццё канкрэтных людзей, у тым ліку саміх слухачоў Каржа.
І гэта было б зразумела, калі б аўтары пакінулі хоць нейкія згадкі пра палітычны скандал пасля варшаўскага канцэрта, які выліўся ў брудную гульню польскіх палітыкаў і крымінальныя справы супраць яго ўдзельнікаў-хуліганаў, якія скончыліся прымусовай дэпартацыяй часткі з іх з Польшчы.
Абыходжанне вострых вуглоў, маніфеставаная аўтарамі нейтральнасць — галоўная слабасць “Дзвіжа”. Рэжысёр дае героям магчымасць гаварыць уласнымі галасамі, не навязваючы гледачу гатовых высноў.
Гэта зразумелы аўтарскі выбар — замест чарговага фільма пра людзей з выразнай пазіцыяй ён прапануе паглядзець на тых, хто звычайна застаецца па-за ўвагай дакументалістаў.
Але жаданне не судзіць герояў не павінна перашкаджаць аналізу іхніх поглядаў і супярэчнасцей. Стужцы не хапае крытычнай дыстанцыі, якая дазволіла б глыбей разгледзець і саму культуру “Дзвіжа”, і ролю Каржа ў ёй.
Знятая на шырокавугольную оптыку вар’яцкая энергетыка шматтысячнага натоўпу на танцполе, накладзеная на музыку Каржа, спачатку ўражвае. А потым выклікае адчуванне павярхоўнасці і рамантызацыі фанацкай актыўнасці.
У выніку “Дзвіж” абмінае важную рэфлексію пра тое, дзе сканчваецца аб’яднаўчая моц мастацтва ды пачынаюцца сапраўдныя каштоўнасныя рознагалоссі.
Паказальнай тут становіцца фінальная сцэна бясконцага пасляканцэртнага натоўпу, які рухаецца ўдалечыню ў сінім святле паліцэйскіх мігалак. Яна набывае сэнс, шырэйшы за гісторыю аднаго канцэрта.
У ёй можна ўбачыць і энергію маладосці, і адзіноту людзей, якія шукаюць сваіх, і няпэўнасць будучыні, у якую яны ідуць. Але гэты вобраз не дае адназначнага адказу на пытанне, ці здольна часовая еднасць перарасці ў нешта большае.
Фільм не ідзе далей за разважанне пра пакаленне, якое спрабуе жыць у кайф, пакуль вайна, рэпрэсіі і эміграцыя прымушаюць яго рабіць складаны выбар.
І, магчыма, гэтая няпэўнасць — найбольш дакладнае, што фільм здолеў перадаць пра свой час.
Адзнака Еўрарадыё: 5 з 10
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут