Адмова ад гандлёвых пасярэднікаў разбурыць эканамічны ўклад / livemaster.ru
Лукашэнка зноў запатрабаваў разабрацца з гандлёвымі пасярэднікамі. Нібыта праз іх у краіне занадта высокія цэны. Такія размовы працягваюцца ўжо амаль два дзесяцігоддзі. З пасярэдніцтвам у Беларусі спрабавалі змагацца нават з дапамогай спецыяльных указаў, але нічога так і не выйшла.
Еўрарадыё разабралася, чаму без гандлёвых пасярэднікаў працаваць немагчыма, а заявы Лукашэнкі пра іх гучаць як папулісцкія.
— Я падняла неяк архіў "Экономической газеты". У 2000 годзе ў іх быў артыкул пра тое, што з усімі пасярэднікамі вядзецца барацьба. Але ёсць розныя пасярэднікі. Усё залежыць ад тых здзелак і ад тых мэт, якія яны пераследуюць, — кажа дырэктарка аўдытарскай кампаніі "БелАўдытАльянс" Алена Жугер.
Тэарэтычна пасярэднікі сапраўды могуць выкарыстоўвацца для несумленных схем. На гэтым настойвае старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў:
— Толькі летась мы распачалі каля ста крымінальных спраў, якія датычыліся пасярэдніцтва ў розных галінах. Выпадкі бываюць казусные. Напрыклад, пасярэднік купляў тавары ў рознічнай сетцы Брэста, перапрадаваў — і яны ішлі на бюджэтную будоўлю з 230-працэнтнай надбаўкай, — заяўляе ён у праграме "Размова ў прэзідэнта" 1 сакавіка.
У гэтым выпадку і праўда можна гаварыць пра злачынства. Але не чыста эканамічнае, а карупцыйнае. Бо калі пакупнік і прадавец і праўда падзялілі надбаўку паміж сабой, рэч не толькі ў пасярэдніку. Зрэшты, не выключана, што гаворка ідзе пра банальную безадказнасць. Каб вырашаць падобныя пытанні, у Беларусі ўжо ёсць закон аб закупках, ды і Крымінальна-працэсуальны кодэкс і Крымінальны кодэкс прынятыя не проста так.
— Пасярэднікі працуюць ва ўсім свеце. Калі б вытворца заўсёды мог напрамую прадаваць, іх не было б. Ні гандлёвых, ні лагістычных сетак. Тым больш ніхто ж не перашкаджае нашым дзяржпрадпрыемствам купляць наўпрост, у тым ліку ў замежных вытворцаў. На гэта ёсць аб'ектыўныя прычыны, — кажа сябра праўлення, эксперт Асацыяцыі падаткаплацельшчыкаў, дарадца адвакацкага бюро "Гарэцкі і партнёры" Наталля Зварано.
Нават пры правядзенні тэндараў на дзяржзакупках не абысціся без пасярэднікаў.
— Калі наша дзяржпрадпрыемства праводзіць закупку, яно чакае, што да яго прыйдуць. Але для замежных вытворцаў наш рынак занадта маленькі і малацікавы. Таму ў дзяржзакупках з боку замежных вытворцаў у асноўным выступаюць пасярэднікі.
Прасоўванне тавару — складаны механізм. Па сутнасці, пасярэднікі робяць гэта за вытворцаў.
— Яны высвятляюць патрэбы кліентаў, як прадаць. Гандлёвыя сеткі — гэта, між іншым, таксама пасярэднікі. Немагчыма прынесці кожнаму ў кватэру, напрыклад, мікрахвалевыя печы.
Наталля Зварано расказвае, што для барацьбы з пасярэднікамі ўжо ўводзілі асобны ўказ №117 "Аб некаторых захадах па ўпарадкаванні пасярэдніцкай дзейнасці пры продажы тавараў". У выніку нічога не выйшла, але пацярпелі канкрэтныя бізнесы.
Кіраўнік праекта Open Tenders Уладзімір Кавалкін адзначае, што ў некаторых заходніх краінах буйным вытворцам медпрэпаратаў зусім забаронена заканадаўствам гандляваць без пасярэднікаў.
— Гэта вядзе да манапалізацыі рынку і павышэння цаны. Гэта значыць раздрабленне бізнесу адбываецца не таму, што пасярэднікі нажываюцца. Калі ўсё належыць адной кампаніі, цэны растуць праз тое, што яна выкарыстоўвае сваё манапольнае становішча.
У нармальным рынкавым бізнесе без пасярэднікаў немагчыма працаваць і таму, што не ўсім прадпрыемствам выгадна адкрываць сваё прадстаўніцтва на знешнім рынку. Нашмат зручней працаваць з мясцовымі кампаніямі, якія ўжо ведаюць асяроддзе.
— Яшчэ адна вельмі важная функцыя пасярэднікаў — гэта, як правіла, ператварэнне буйных партый у дробнааптовыя. Прасцей кажучы, замест таго, каб пайсці ў краму па малако і хлеб [без пасярэднікаў. — Еўрарадыё], вы былі б вымушаныя самі з'ездзіць на хлебазавод і малаказавод.
Наталля Зварано падкрэслівае, што змагацца з пасярэдніцтвам эканамічна неабгрунтавана.
— Такія рэзкія рухі ў дачыненні да ўсяго механізма пасярэдніцтва — гэта ўзрушэнне для рынку, для эканамічнай структуры краіны, і яны дакладна выклічуць паніку сярод бізнесу. Яна і так узмацняецца. Пасярэднікі будуць спрабаваць мінімізаваць рызыкі. Частка з іх будзе сыходзіць. Паслугі пасярэднікаў, без якіх немагчыма працаваць, будуць каштаваць утрая даражэй. Гэта вынік, якога мы даможамся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.