Да случанкі, якая расследуе смерць бацькі ў бальніцы, прыйшлі з КДБ

16/03/2026 - 14:38

Алена Платонава-Федзякова / з акаўнту ў TikTok

Жыхарка Слуцка Алена Платонава-Федзякова з мінулага года спрабуе разабрацца ў абставінах, звязаных са смерцю яе бацькі ў мясцовай цэнтральнай раённай бальніцы. Але апошнім часам ёй зацікавіліся супрацоўнікі КДБ. Пра гэта жанчына расказала ў TikTok, звярнула ўвагу выданне "Зеркало".

Случанка кажа, што 13 лютага хадзіла да намесніка кіраўніка бальніцы азнаёміцца з медыцынскімі картамі нябожчыка бацькі. Яна кажа, што ўказала на "відавочныя моманты з падробкай дакументаў" і "задала некалькі канкрэтных і вельмі нязручных пытанняў".

"Пасля гэтага, калі я 17 лютага панесла сваю чарговую заяву па падробцы дакументаў, мяне сустрэлі супрацоўнікі КДБ для праверкі", — заяўляе жанчына. Падрабязнасці гэтай сустрэчы і яе вынікі яна не агучыла, але выказала меркаванне, што ёй хочуць закрыць рот.

"Хтосьці, мабыць, вырашыў, што ў мяне знойдуць экстрэмізм — і гэта добры варыянт закрыць мне рот і пазбавіцца ад праблем", — кажа Алена. Жанчына дадае, што ў 2020 годзе "некалькі разоў хадзіла" на маршы і падтрымлівала пратэсты, але потым "стала атрымліваць навіны з іншага боку" і "сваю памылку ўсвядоміла".

Таксама яна заявіла, быццам ведае прозвішча чалавека, які наслаў на яе праверку. "Гэта подлы, нізкі, баязлівы і зусім немужчынскі ўчынак", — дадала яна.

У траўні 2025-га Алена Платонава-Федзякова звярнулася праз TikTok да генпракурора Андрэя Шведа, просячы разабрацца ў абставінах, звязаных са смерцю яе бацькі ў мясцовай цэнтральнай раённай бальніцы. Таксама яна запісвала зварот да Аляксандра Лукашэнкі. На яе думку, пры лячэннм мужчыны, які пакутаваў на анкалагічнае захворванне, былі дапушчаныя парушэнні.

Пасля гэтага адбылася "маштабная праверка сістэмы аховы здароўя Слуцкай ЦРБ". Галоўны лекар бальніцы Аляксандр Сокал казаў, што камісія цэлы месяц вывучала лячэнне пацыента ў Слуцкай ЦРБ і Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Па выніках праверкі былі выяўленыя парушэнні пры аказанні меддапамогі, але, як адзначаецца, на вынік захворвання яны не паўплывалі. Супрацоўнікаў, якія дапусцілі парушэнні, прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці, а матэрыялы накіравалі ў Мінздароўя, Следчы камітэт і пракуратуру для прававой ацэнкі. У бальніцы таксама правялі дадатковае навучанне персаналу, а працу ўстановы стала кантраляваць Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Мінаблвыканкама.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі