Дзіцячы садок №149 у Мінску / yandex.by
У адміністрацыі дзіцячага садка не чулі пра выпадак са збіццём свайго гадаванца. Пра гэта піша выданне "Люстэрка", якое датэлефанавалася ва ўстанову.
Як паведамлялася раней, мінчанка ў сацсетцы Threads абвінаваціла новую выхавацельніцу садка №149 у тым, што тая збіла ейнага сына на вачах іншых дзяцей. "Я не магу перадаць словамі што я адчуваю кожны раз калі маё дзіця распавядае гэта: яна зацягнула ў спальню яго, душыла, выкручвала руку, дала нагой па ягадзіцы, кінула на падлогу і біла галавой аб гэтую падлогу некалькі разоў. Іншыя дзеці бачылі, як яна цягнула яго ў спальню", — напісала жанчына. Таксама яна паведаміла, што зняла пабоі ў дзіцяці.
Журналістка "Зеркала" затэлефанавала ў садок як грамадзянка, якая прачытала пост у Threads. Намесніца загадчыцы была здзіўленая і сказала, што нічога пра такі выпадак не чула.
"Да нас, да адміністрацыі, з бацькоў ніхто не звяртаўся з гэтымі пытаннямі. Вы мне расказваеце, я сама ў шоку. < ... > Лічу, што, калі такое адбылося, першы крок які? Бацькі звяртаюцца да адміністрацыі, правільна?" — пракаментавала яна.
Прадстаўніца садка сцвярджае, што калектыў садка склаўся даўно і такіх гісторый там ніколі не было: "У нас калектыў склаўся, выхавацелі працуюць не першы год. І з боку ніводнага выхавацеля агрэсіі ніколі не было. Ніколі бацькі не скардзіліся на тое, што дзіцяці прычынілі нейкую шкоду".
Загадчыца садка таксама запэўніла журналістку, што нічога падобнага не чула і такога "дакладна не было".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут