Ціханоўская ў Бруселі будзе гаварыць пра "прыгожынскіх галаварэзаў"

27/06/2023 - 16:28
Вагнераўцы збіраюцца заняцца падрыхтоўкай беларускіх сілавікоў / Ілюстрацыйнае фота sb.by

27 чэрвеня кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская едзе ў Брусель, дзе будзе абмяркоўваць стратэгію ЕС па нашай краіне. Яна прадугледжвае захады па спыненні пераўтварэння РБ у расійскую калонію. "Я не саступлю ніводнай пазіцыі, што тычыцца нашых нацыянальных інтарэсаў, бяспекі і незалежнасці Беларусі", — кажа Ціханоўская.

У Бруселі кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета будзе гаварыць пра "прыгожынскіх галаварэзаў" у Беларусі. "Пуцін і Лукашэнка ператвараюць нашую краіну ў ізгоя і ваенны палігон", — гаворыць Святлана Ціханоўская. Яна падкрэслівае, што вагнераўцы і расійская ядзерная зброя не патрэбны Беларусі. Тым часам, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што большая частка тактычнай ядзернай зброі ўжо прывезеная з РФ у Беларусь.

Офіс Ціханоўскай разам з Аб'яднаным пераходным кабінетам рыхтуецца да саміту NATO, які ў ліпені пройдзе ў Вільні. На ім "будзем абмяркоўваць механізмы прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці, супрацьдзеянне размяшчэнню ядзернай зброі, стратэгію бяспекі нашага рэгіёна", дадае Святлана Ціханоўская.

27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што байцы ПВК "Вагнер" часова прыбудуць у Беларусь з Расіі, а іх кіраўнік Яўген Прыгожын ужо прыехаў. З яго слоў вынікае, што вагнераўцы могуць затрымацца ў РБ і на даўжэйшы час. Яны яшчэ вырашаюць, "чым будуць займацца". Верагодна, будуць трэніраваць беларускіх сілавікоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі