Ціханоўская ў ААН гаварыла пра дыпламатычныя каналы для абмену зняволенымі

23/09/2024 - 17:28

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya/

Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская пачала візіт у ЗША з удзелу ў дэбатах па палітвязнях на палях Генасамблеі ААН. Іх арганізавала дэлегацыя ЕС сумесна з Эстоніяй, Літвой, Іспаніяй, Германіяй і Францыяй. 

Ціханоўская гаварыла пра катастрафічную сітуацыю ў Беларусі, у якую павінна ўмяшацца ААН. Адначасова кіраўніца АПК прапанавала і практычныя крокі. Напрыклад, заклікаць Генеральнага сакратара і Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека падняць пытанне палітвязняў у РБ перад Аляксандрам Лукашэнкам. Запатрабаваць, каб офіс ААН у Беларусі ці гуманітарныя арганізацыі атрымалі доступ да палітычных зняволеных. Святлана Ціханоўская прапанавала і "разгледзець дыпламатычныя каналы для абмену зняволенымі, падобныя абмену па справе Красікава ці абмену ваеннапалоннымі з Украінай".

Сярод прапаноў таксама былі і такія: ангажаваць краіны-партнёры рэжыму, якія маюць рычагі ўплыву і могуць паспрыяць вызваленню палітвязняў, зрабіць кожнае ўзаемадзеянне з рэжымам залежным ад рэальных зменаў, уключаючы вызваленне палітычных зняволеных і спыненне рэпрэсій. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі