Ціханоўская пра падрыхтоўку рэформаў: "Змены могуць надысці нечакана і хутка"

10/02/2022 - 14:55
Святлана Ціханоўская на зум-сустрэчы з беларусамі / Еўрарадыё

Каб дабрабыт беларусаў палепшыўся хутчэй, над рэформамі трэба працаваць ужо цяпер, расказала Святлана Ціханоўская на зум-сустрэчы з беларусамі 9 лютага.

Ціханоўская і яе прадстаўнік па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч даведаліся, што турбуе беларусаў у эканоміцы. Таксама былі адказы на пытанні, якія рэформы патрэбныя, дзе ўзяць на іх грошай і як Расія можа паўплываць на беларускую эканоміку.

Еўрарадыё сабрала самае цікавае з сустрэчы.

 

Турбуе рост цэн пры стабільных заробках

Заробкі значна не выраслі. Затое цэны, асабліва на садавіну і гародніну, растуць імкліва, расказваюць удзельнікі сустрэчы Святлане Ціханоўскай.

Як улады ні спрабуюць рэгуляваць цэны, поспехаў мала / Еўрарадыё

Цэны на гародніну і садавіну хвалююць людзей больш за ўсё таму, што харчовыя тавары людзі купляюць часцей, адзначае Алесь Аляхновіч. Акрамя таго, сеткі маглі падвысіць цэны, рыхтуючыся да забароны імпарту замежных тавараў.

— Я працую ў гіпермаркеце. Цэны на будаўнічыя матэрыялы падвысіліся вельмі канкрэтна. Людзі менш будуюцца. Але растэрміноўкі не асабліва хочуць афармляць, бо неплацежаздольных кліентаў вельмі шмат становіцца, — кажа адзін з прысутных.

Нізкі попыт на будматэрыялы праз тое, што ні ў людзей, ні ў дзяржавы няма лішніх грошай на інвестыцыі, адзначае прадстаўнік Святланы Ціханоўскай.

— Беларуская прапаганда палохала беларусаў, асабліва пасля 2014 года: "Вы хочаце, каб было як ва Украіне?" З таго часу сярэдні заробак ва Украіне вырас больш чым у чатыры разы. У снежні 2021 года склаў 641 долар. У Беларусі ён складаў толькі на 3% больш, — кажа Алесь Аляхновіч.
 

Без рэформаў росту не будзе

Сітуацыя, калі суседзі жывуць усё лепш, а беларусы назіраюць рост цэн без росту заробкаў, будзе пагаршацца без рэформаў. Баяцца рэформаў не варта, нягледзячы на заявы ўладаў пра тое, што пры прыватызацыі, напрыклад, Беларусь проста раскрадуць замежныя інвестары.

Заробак на многіх дзяржпрадпрыемствах эксперты называюць схаванай дапамогай па беспрацоўі / belsteel.com

— Прыклады многіх краін паказваюць, што на працягу аднаго пакалення можна стаць з беднай краіны краінай сярэдняга дастатку. А потым багатай, — кажа Алесь Аляхновіч.

Міжнародная група экспертаў падрыхтавала план рэформаў, якія патрэбны Беларусі. Сярод іх змена ролі дзяржавы ў эканоміцы. Улады не павінны ўмешвацца ў бізнес.

— Сёння бізнес развіваецца, хутчэй, насуперак дзеянням дзяржавы, чым дзякуючы. Сектар IT — выключэнне. Трэба таксама стварыць роўныя ўмовы для дзяржаўнага і прыватнага бізнесу. У Беларусі профільныя міністэрствы могуць быць рэгулятарамі нейкай сферы, напрыклад у транспарце, і адначасова быць уласнікамі бізнесу. Тое самае ў энергетыцы.

Каб у людзей было больш стымулаў займацца бізнесам, трэба дэкрыміналізаваць пакаранні за дробныя эканамічныя правіннасці і злачынствы. Напрыклад, замяніць турэмныя тэрміны штрафамі.

Сярод рэформаў змена мер сацыяльнай палітыкі. Сюды ўваходзіць увядзенне назапашвальнай пенсійнай сістэмы, узмацненне падтрымкі тых, хто апынуўся ў пошуку працы, знаходзіцца за рысай беднасці.

Таксама дапамога патрэбная людзям, якія хочуць заводзіць дзяцей, але пры гэтым не выпадаць з рынку працы. Дапамагчы можа больш развітая інфраструктура дзіцячых садкоў.
 

Грошы на рэформы знойдуцца

У Беларусі яшчэ ёсць рэсурсы, якія можна выкарыстоўваць для перамен на лепшае / Еўрарадыё

Калі перайсці на назапашвальную пенсійную сістэму, то людзі, якія працуюць цяпер, будуць адкладаць на свае асабістыя пенсіі. Ва ўдзельнікаў сустрэчы паўстала пытанне, дзе ж браць грошы на выплаты цяперашнім пенсіянерам?

Пераход на назапашвальную сістэму не стане аднамомантавым. Дадатковыя сродкі на пенсіі таксама знойдуцца, запэўнівае эксперт.

— Ёсць такія краіны, як Нарвегія, дзе вялікія паклады нафты і газу. Яны могуць фінансаваць гэты пераход з даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці. У Польшчы гэты пераход можна было фінансаваць праз выпуск дзяржаблігацый, гэта значыць праз рост дзярждоўгу. І, калі краіна расце хутчэй, чым каштуе дзярждоўг, то, у прынцыпе, гэта не праблема.

Яшчэ адзін варыянт — даходы ад прыватызацыі. Грошы ад продажу дзяржуласнасці можна выдаткаваць на пенсіі і іншыя сацыяльныя выплаты.
 

"Змены могуць надысці нечакана і хутка"

З'явілася і пытанне, ці не рана гаварыць пра рэформы? Бо для змен і нармальнага росту эканомікі трэба, каб законы працавалі, а ўлады былі легітымныя.

— Менавіта цяпер час, каб абмяркоўваць і рыхтаваць рэформы, — адказвае Святлана Ціханоўская. — Змены, паверце, могуць надысці нечакана і хутка. І не трэба будзе тады галопам па Еўропах абмяркоўваць рэформы. Проста зойме нейкі час гэтыя рэформы прыняць і ісці да перамен, а не марнаваць час на тое, каб агучваць рэформы і пачаць дыскутаваць па іх.

Законнасць вернецца, але эканоміка застанецца на тым самым ўзроўні. Таму трэба гаварыць пра рэформы, каб потым укараніць іх досыць хутка.

 

"Дапамога" Расіі пагражае стратай незалежнасці

Магчыма, расіяне хацелі б патраціць свае падаткі на развіццё сваёй краіны, а не на крэдыты Лукашэнку / AFP

На заканчэнне беларусы папрасілі расказаць, як уплывае пагроза вайны Расіі з Украінай на беларускую эканоміку. А таксама што будзе, калі ў найбліжэйшы час рэформаў усё ж не адбудзецца.

— Імідж Беларусі ў замежных інвестараў настолькі дрэнны "дзякуючы" гэтаму рэжыму, масавым рэпрэсіям, што наўрад ці гэта [пагроза вайны. — Еўрарадыё] зменіць рашэнні замежнага капіталу, — кажа Алесь Аляхновіч. — Самі беларусы, якія не давяралі банкаўскай сістэме, вынеслі з яе грошы. Так што пагроза вайны не моцна ўплывае на эканоміку. Але, калі б вайна адбылася, гэта зусім іншы сцэнар. Тады можа быць банкаўская паніка, дэвальвацыя беларускага рубля, як гэта было ў 2014 годзе пасля канфлікту Расіі з Украінай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі