Журналісты літоўскага тэлеканала LRT наведалі будаўнічую пляцоўку Астравецкай АЭС і зладзілі сапраўдны допыт намесніку міністра энергетыкі Беларусі Міхаілу Міхадзюку. Адно з пытанняў датычылася месца, у якім будуецца беларуская станцыя. Гэта вельмі балючае пытанне для літоўцаў.
“Гэта не добрасуседскія адносіны — пабудаваць АЭС так, каб карысць была як бы для аднаго боку, а ў выпадку аварыі, нашчаснага выпадку… Мы ведаем, што гэта магчыма, бо няма на 100% бяспечных атамных станцый. Пасля “Фукусімы” гэта стала відавочна ўсім. Дык вось, у выпадку аварыі мы практычна губляем нашу сталіцу, — фармулюе праблему антыядзерная актывістка з Літвы Раса Навіцкіене. — А што азначае Вільня для Літвы?
Зона забруджання можа быць такая, што пад пытанне будзе пастаўленае існаванне Літвы як такой”.
Насамрэч, пра існаванне падобных патрабаванняў яшчэ ў 2008 годзе казаў беларускі навуковец Анатоль Якушаў, на той момант — намеснік гендырэктара Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны”. Але — вось незадача! — гэта былі не патрабаванні МАГАТЭ.
“МАГАТЭ рэкамендацый па адлегласці АЭС ад гарадоў не давала, не дае і даваць не будзе. Кожная краіна вырашае гэта самастойна. У Беларусі прынятая своеасаблівая кампіляцыя агульных рэкамендацый МАГАТЭ і нормаў, прынятых у Расійскай Федэрацыі, — казаў Якушаў. — Гэтыя нормы прадугледжваюць, што для горада з насельніцтвам больш за 1,5 млн чалавек адлегласць да АЭС павінна быць не менш за 100 км. І калі колькасць змяншаецца, адлегласць памяншаецца прапарцыйна”.
Насельніцтва Вільні складае каля 550 тысяч чалавек. Адлегласць у 40 км ад Астаравецкай АЭС да літоўскай сталіцы адпавядае беларускім нормам.
Старшыня экалагічнай арганізацыі “Экадом” Ірына Сухій упэўненая, што Міхадзюк памыляецца, а пункт, на які напіраюць літоўцы, з’явіўся ў рэкамендацыях МАГАТЭ пасля таго, як некалькі дзясяткаў тысяч японцаў апынуліся ў зоне радыяцыйнага паражэння вакол АЭС “Фукусіма”. А вось расійскі фізік Андрэй Ажароўскі сцвярджае, што беларускі чыноўнік мае рацыю:
“МАГАТЭ не займаецца рэгуляваннем. МАГАТЭ — арганізацыя, якая прапагандуе атамную энергетыку. Яны больш займаюцца парадамі. У іх тоны літаратуры пра тое, што трэба рабіць у краіне, каб з’явілася атамная энергетыка, як рэгуляваць гэтую сферу. То бок, гэта не іх праца.
Так, яны маглі б даваць рэкамендацыі, але такіх рэкамендацый няма. Калі вы паглядзіце на Еўропу, дык там хапае атамных станцый побач з буйнымі гарадамі, побач з межамі. Проста таму, што там межы дастаткова блізка. І там шмат канфліктаў”.
Што да расійскіх рэкамендацыяў, дык, па словах Андрэя Ажароўскага, яны існавалі яшчэ ў часы СССР. Але нават у савецкія часы правіла аб мінімальнай адлегласці АЭС ад буйных гарадоў не лічылася строгім і час ад часу парушалася.