Статыстыка сведчыць, што аборт з’яўляецца бяспечнай працэдурай / pixabay.com
— Са статыстычнага пункту гледжання правільна выкананы аборт не павінен наносіць ніякай шкоды жаночаму здароўю, у тым ліку рэпрадуктыўнаму. Але трэба разумець: аборт аборту розніца, — кажа доктар-гінеколаг Станіслаў Салавей, адказваючы на пытанне пра наступствы аборту для жанчын.
У эфіры Еўрарадыё ён падрабязна патлумачыў, як працэдура перапынення цяжарнасці можа паўплываць на здароўе жанчыны.
— Бываюць сітуацыі, калі жанчына губляе цяжарнасць самастойна, без усялякага медыцынскага ўмяшання, і пасля гэтага ўжо ніколі не можа зацяжарыць. Такое сапраўды бывае. З медыцынскага пункту гледжання гэта называецца самаадвольным абортам, — распавядае доктар.
Што адбываецца, калі жанчына свядома вырашае зрабіць аборт?
— У цэлым статыстыка сведчыць, што аборт з’яўляецца бяспечнай працэдурай. Так, магчымыя ўскладненні. Калі гаворка ідзе пра інструментальны аборт, існуе рызыка пашкоджання маткі — напрыклад, перфарацыі, якую потым даводзіцца зашываць ужо падчас хірургічнай аперацыі.
Але статыстычна такія выпадкі рэдкія і могуць узнікаць як пры самаадвольных, так і пры медыцынскіх абортах.
Жанчына павінна ведаць пра рызыкі — нават калі іх імавернасць складае адзін выпадак на 20, 30 або 50 тысяч. Гэта ўсё роўна не абсалютна бяспечная працэдура.
У шэрагу выпадкаў пры абортах выкарыстоўваецца нутравеннае абязбольванне, умоўна кажучы — наркоз. А наркоз сам па сабе таксама нясе пэўныя рызыкі. Калі мы гаворым пра таблеткавыя метады, там таксама могуць узнікаць ускладненні — рэдка, але могуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут