Ці лёгка скрасці мільёны? Самыя простыя, але ўдалыя рабаванні апошніх гадоў

05/10/2016 - 15:32

Амерыканскую знакамітасць Кім Кардаш'ян абрабавалі на мільёны долараў. Рабаванне тэлезоркі адбылося ў ноч на панядзелак, 3 кастрычніка. Яна знаходзілася ў сваёй парыжскай рэзідэнцыі.

Рабаўнікі ў паліцэйскай форме ўвайшлі ў будынак, звязалі кансьержа, прайшлі ў апартаменты, звязалі зорку і замкнулі яе ў ванным пакоі. Яны сышлі, прыхапіўшы з сабой скрынку з каштоўнасцямі. Пасля гэтага рабаўнікі селі на ровары і зніклі. Цяпер французская паліцыя вядзе іх вышук.

СМІ паведамляюць, што здабычай рабаўнікоў сталі каштоўнасці на агульную суму каля 9 млн долараў.

Парыжская паліцыя лічыць, што знакамітасць сама “дала наводку” рабаўнікам. За пару дзён да здарэння Кардаш'ян размясціла ў сацыяльнай сетцы сваю фатаграфію з пярсцёнкам за 5 млн долараў.

Ці складана скрасці мільёны?

Бі-бі-сі зрабіла падборку самых простых, але ў той жа час удалых рабаванняў апошніх гадоў.
 

Рабаванне "старой школы"

Падчас доўгіх велікодных выходных у красавіку 2015 года, калі ўсе ювелірныя крамы зачыненыя, пяцёра пажылых брытанцаў прабраліся ў шахту ліфта ювелірнага сховішча ў Лондане. Адтуль яны прасвідравалі тунель у сховішча, а пасля спакойна абчысцілі яго. “Дрэнныя дзядулі”, як іх ахрысцілі таблоіды, вынеслі золата і каштоўных камянёў на 14 млн фунтаў.

Рабаванне было вельмі старанна спланаванае, але рабаўнікі зусім не ведалі, як замятаць сляды, і неўзабаве былі злоўленыя. Іх падвялі аўтамабілі, праязныя на метро і тэлефонныя размовы.

Трое арганізатараў рабавання, якім было ад 61 да 75 гадоў, атрымалі па сем гадоў турмы. Іх 76-гадовы саўдзельнік наогул не змог паўстаць перад судом з прычыны інсульту.

На сённяшні дзень паліцыі ўдалося знайсці выкрадзеных каштоўнасцяў толькі на 4 млн фунтаў. А гэта азначае, што, выйшаўшы з турмы, пенсіянеры могуць нябедна правесці старасць на прыхаваныя 10 млн.

Фота: Getty Images

120 кантэйнераў з алмазамі

У лютым 2013 года восем узброеных рабаўнікоў у масках і паліцэйскай форме зрабілі дзірку ў агароджы брусельскага аэрапорта. Пасля гэтага яны напалі на фургон кампаніі Brinks падчас пагрузкі каштоўнасцяў на пасажырскі самалёт. Рабаўнікі прымусілі адкрыць грузавы адсек самалёта і дасталі адтуль ужо пагружаныя скрыні з каштоўнасцямі. 20 хвілін, без адзінага стрэлу, а пасажыры рэйса нават не западозрылі нядобрага. Рабаўнікі ўцяклі праз тую ж дзірку ў агароджы.

Сума выкрадзенага склала 50 млн еўра. Злачынцы не злоўленыя.

Фота: Getty Images

Зайшоў і выйшаў з 136 мільёнамі

28 ліпеня 2013 года ўзброены пісталетам рабаўнік, чый твар быў схаваны шалікам і казырком бейсболкі, увайшоў у гатэль “Карлтан” у Канах. Неўзабаве ён выйшаў адтуль, забраўшы з сабой ювелірных упрыгожанняў на суму 136 млн долараў. Гэтыя каштоўнасці дэманстраваліся на ювелірнай выставе. Ахоўнікаў было недастаткова, да таго ж яны не былі ўзброеныя.

Пошукі рабаўніка-адзіночкі пачаліся адразу, але ніхто так і не быў злоўлены.

Фота: Getty Images

Рабаванне па-беларуску

У верасні ў інтэрнэце з'явілася відэа няўдалага рабавання ламбарду ў Мінску. Невядомы з пісталетам патрабаваў грошы ад касіркі, але безвынікова. Напад скончыўся ўзаемнымі кампліментамі, а рабаўнік сышоў без здабычы. Відэа іранічна назвалі “рабаваннем па-беларуску”. 

Аднак ёсць прыклад і даволі ўдалага “рабавання па-беларуску”. У канцы красавіка 2015 году ахоўнік разлікова-касавага цэнтра “БСБ-Банка“ Руслан Фраямчук вынес з працы сумку і заплечнік, набітыя валютай — агулам 840 тысяч долараў. Не мільён, але ўсё ж. Крадзеж заўважылі праз тры дні. Ахоўнік усё выдатна пралічыў. Ён апошнім выходзіў з працы, а наперадзе былі і выхадныя, і святочныя дні. Так што ён меў безліч часу, каб “знікнуць”. Яго дагэтуль не знайшлі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі