Член прэзідыума Федэрацыі: Не бачу перашкодаў для ўдзелу Гуркова ў чэмпіянаце

14/04/2016 - 13:56

Прыхільнікі Віталя Гуркова менш чым за дзень сабралі грошы на яго ўдзел у чэмпіянаце свету. Выходзіць, прычын, каб не ўзяць спартоўца на спаборніцтвы, няма.

Аднак раней галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па муай-тай Міхаіл Сцяпанаў у інтэрв’ю Еўрарадыё выказаўся: “Калі я ўбачу Гуркова на зборах, стане зразумела, ці ёсць сэнс везці яго на чэмпіянат свету”.

Сумневы галоўнага трэнера могуць супярэчыць афіцыйным дакументам. А там сказана, што галоўным крытэрыем адбору на планетарны форум павінен быць чэмпіянат краіны.

У прыватнасці, гэты момант ясна прапісаны ў Палажэнні аб правядзенні чэмпіянату Беларусі, які адбыўся ў сакавіку.

Па каментарый звяртаемся да Анатоля Кемена, які з’яўляецца членам прэзідыума Федэрацыі тайскага бокса і кікбоксінга, а яшчэ займае пост старшыні калегіі суддзяў. Спецыяліст негатыўна ўспрыняў “шум”, які падняўся вакол Гуркова. Але быў у добрым сэнсе здзіўлены, што звычайныя беларусы скінуліся на паездку спартсмена ў Швецыю. Цяпер, мяркуе спецыяліст, няма іншых перашкодаў для ўдзелу Гуркова ў спаборніцтвах.

“Толькі тэарэтычна могуць здарацца непрадбачаныя сітуацыі. Напрыклад, калі спартсмен праігнаруе трэніровачны збор нацыянальнай каманды ці прыедзе туды відавочна непадрыхтаваным. Таму на зборах Віталь абавязкова павінен прысутнічаць, трэнеры павінны за ім назіраць”, — тлумачыць Анатоль Кемен.

Цікавы і той факт, што ў фінале чэмпіянату Беларусі Гуркоў біўся акурат з вучнем Кемена — Кірылам Марчанкам.

“Як суддзя, я аддаў бы перамогу Гуркову. Віталь, безумоўна, першы нумар зборнай у катэгорыі 75 кг. Па ідэі, я магу быць зацікаўлены ў тым, каб замест яго паехаў мой вучань, які стаў другім. Але я бачу, што Віталь — воўк, зубр, тыгр, які перамог без праблем”, — Кажа Кемен.

Еўрарадыё: Галоўны трэнер зборнай выказаўся, што яму не спадабаўся паўфінальны бой гуркова з Яўгенам Лашэўскім, дзе Віталь “не быў на галаву мацнейшы”. Як суддзя, што вы думаеце пра гэты паядынак?

Анатоль Кемен: Віталь выйграў гэты бой спакойна. Многія са спартсменаў, асабліва высокага ўзроўню, пасля паўзы ў выступленнях хочуць “прадыхацца” (правесці паядынак да канца, каб праверыць сваю функцыянальную падрыхтоўку, — Еўрарадыё). А што тычыцца фармулёўкі “на галаву вышэйшы”, такое можа быць, напрыклад, калі Заслужаны майстар спорту выходзіць на рынг з першаразраднікам. Але Лашэўскі ўжо дасведчаны баец і годна выглядаў ў баі з Гурковым. Віталь перамог аднагалосным рашэннем суддзяў, ніхто ў гэтым не сумняваўся.

Нагадаем, што 12 сакавіка ў сацсетках Заслужаны майстар спорту Беларусі і дзесяціразовы чэмпіён свету Гуркоў паведаміў, што яго паездка на травеньскі чэмпіянат планеты ў Швецыю пад пытаннем. Праблемы з фінансаваннем узніклі пасля таго, як знакаміты баец страціў стаўку ў Мінспорту, якая ў тым ліку гарантавала аплату выездаў на спаборніцтвы ў складзе зборнай.

На наступны дзень прыхільнікі пачалі збор сродкаў на чэмпіянат свету. За 10 гадзін была сабраная неабходная сума — 68,2 мільёна рублёў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі