Чэмпіёнка свету заявіла, што будзе галасаваць за Ціханоўскую

04/08/2020 - 06:51

Чэмпіёнка свету па лёгкай атлетыцы, штурхальніца ядра Надзея Астапчук на прэзідэнцкіх выбарах будзе галасаваць за Святлану Ціханоўскую. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв'ю Youtube-каналу "Жыццё-маліна".

Спартоўка распавяла, як яе перасталі запрашаць на розныя афіцыйныя мерапрыемствы. Гэта адбылося пасля таго, як яна адмовілася зняцца ў роліку за Аляксандра Лукашэнку.

"У 2010 годзе мне патэлефанавалі з Адміністрацыі і прапанавалі зняцца ў роліку ў падтрымку Лукашэнкі. Я сказала, што планую галасаваць за іншага кандыдата. Будзе непрыгожа, калі я аддам голас аднаму, а ў роліку падтрымаю іншага. Мне было б нязручна перад сабой. Я адмовілася", — кажа Астапчук.

Спартоўка заяўляе, што яна патрыётка і хоча змяніць краіну да лепшага. Пры гэтым яна лічыць, што нельга вінаваціць у адсутнасці патрыятызму людзей, вымушаных пакінуць Беларусь па тых ці іншых абставінах. 

"Але ў патрыятызме ёсць і іншы бок. Краіна павінна табе таксама нешта даваць, каб у цябе да яе быў патрыятызм. Калі цябе ў краіне пастаянна дубасяць, калі цябе ў краіне пастаянна ганяюць, то як можна быць патрыётам? Гэта ўжо нейкі стакгольмскі сіндром атрымліваецца. Гэта ўжо не патрыятызм. Тут як і ва ўзаемаадносінах чалавека з чалавекам. Павінна нейкая зваротная рэакцыя быць. Калі няма рэакцыі, то гэта ўжо не патрыятызм", — мяркуе Астапчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі