Чэхія не выдасць візы расійскім хакеісткам для ўдзелу ў юніёрскім ЧС у Астраве

18/11/2026 - 12:45

Зборная Чэхіі па хакеі / Reuters

Міністр замежных спраў Чэхіі Петр Мацінка пацвердзіў, што краіна не выдасць візы расійскім хакеісткам для ўдзелу ў студзеньскім жаночым чэмпіянаце свету сярод гульцоў да 18 гадоў. Турнір пройдзе ў Астраве. Пра гэта паведамляе тэлеканал TSN.

Мацінка таксама звярнуўся да ўсіх міністраў замежных спраў краін ЕС з просьбай не выдаваць расійскім спартсменкам візы, каб тыя не змаглі абысці чэшскае рашэнне і падаць дакументы ў іншай краіне. 

Паводле слоў міністра, ён атрымаў ад калег запэўніванні, што ўсе дзяржавы падтрымаюць Чэхію і не выдадуць візы расійскім хакеісткам. Пра гэта піша чэшскі журналіст Роберт Рампа.

Як адзначыў Мацінка, атрымаць візу з Расіі ў Шэнгенскую зону можна толькі ў тым выпадку, калі міністр замежных спраў якой-небудзь краіны зробіць выключэнне. 

"Я не лічу ўмесным, каб у сітуацыі, калі Расія вядзе ў Еўропе вайну, яе нацыянальная хакейная зборная гуляла ў Чэхіі, каб у Чэхіі гучаў расійскі гімн або каб нам давялося глядзець на расійскія сцягі. Гэта сапраўды недарэчна, таму я вырашыў, што гэтага выключэння не прадастаўлю", — заявіў міністр, словы якога прыводзіць iRozhlas.

Нагадаем, 30 кастрычніка Спартыўны арбітражны суд вярнуў Расію на сусветную хакейную арэну. Гэта выклікала хвалю асуджэння і прыняцця канкрэтных рашэнняў, каб не пусціць расіян на спаборніцтвы, пакуль ідзе вайна ва Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі