Частку другой лініі метро часова зачыняць праз будаўніцтва трэцяй лініі

19/07/2019 - 16:12

Некалькі станцыяў другой лініі метро ў Мінску давядзецца часова зачыніць — пакуль будуць будаваць прымыканне другой і трэцяй ліній. Пра гэта піша TUT.by са спасылкай на некалькі транспартных арганізацыяў.

Нагадаем, што са станцыі метро "Фрунзенская" будзе пабудаваны пераход на станцыю трэцяй лініі "Юбілейная плошча". 

У дзяржаўнай установе "Сталічны транспарт і сувязь" журналістам пацвердзілі, што магчымасць закрыцця станцый на пэўны час сапраўды абмяркоўвалася з Дырэкцыяй па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна: "Мы параілі выбраць даты, калі будзе як мага больш выходных дзён — напрыклад, у лістападзе. Але рашэння пакуль няма".

У лістападзе будуць чатыры выходныя запар — 7-га, 8-га, 9-га і 10-га.

У Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна тлумачаць, што рух цягнікоў неабходна будзе спыніць у месцы ўрэзкі стрэлкі — гэтага патрабуюць тэхнічныя рашэнні.

"Дата і тэрмін закрыцця руху электрацягнікоў у цяперашні час не вызначаныя, бо праектная дакументацыя знаходзіцца на ўзгадненні", — заяўляюць у Дырэкцыі па будаўніцтве метрапалітэна.

Прымыканне трэцяй лініі да другой будуць рабіць на перагоне паміж станцыямі "Фрунзенская" і "Моладзевая". Калі рух ад "Фрунзенскай" да "Каменнай Горкі" на пэўны час закрыюць, то кампенсаваць метро давядзецца наземнымі відамі транспарту.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі