Чаму замест каталіцкага біскупа на Раство БТ пакажа мітрапаліта Веніяміна?

21/12/2020 - 12:19

Упершыню за апошнія тры дзесяцігоддзі на Раство БТ не пакажа зварот каталіцкага іерарха да вернікаў.

Католікі, уніяты, пратэстанты і частка праваслаўных адзначаюць Нараджэнне Хрыстова 25 снежня. Традыцыйна ў ноч на 25 снежня тэлеканал "Беларусь-1" паказвае святочную імшу з аднаго з касцёлаў, а зранку да вернікаў звяртаецца каталіцкі іерарх. З 2007 года з такой казанню выступаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Аднак сёлета замест зварота каталіцкага мітрапаліта ў праграме БТ стаіць зварот  праваслаўнага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна. Ён будзе прамаўляць да вернікаў з нагоды дня памяці свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага.

Тэлепраграма

Прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько тлумачыць прычыну замены проста. "А вы не ведаеце чаму? Няма мітрапаліта — няма звароту", — перадае "Наша Ніва" яго словы.

Мітрапаліт Кандрусевіч не можа вярнуцца ў Беларусь з верасня. Улады вінавацяь яго ў двайным грамадзянстве, але доказаў гэтага не даюць. 

"НН" пацікавілася, чаму замест Кандрусевіча да вернікаў не звяртаецца дапаможны біскуп Юрый Касабуцкі. На гэта ксёндз Юрый Санько адказаў: "Калі рыхтавалася трансляцыя святочнай імшы, то нам было даведзена, што яе можа праводзіць хто заўгодна, але не біскуп Касабуцкі"

Біскуп Касабуцкі таксама вызначыўся смелымі прамовамі ў абарону свабоды ў Беларусі. 

Сёлета святочная імша будзе транслявацца з Магілёва, а праводзіць яе будзе біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі