Чаму маці Юрыя Захаранкі важна, каб суд прызнаў сына памерлым?

01/08/2016 - 11:06

Мінскі гарадскі суд не задаволіў хадайніцтва Ульяны Захаранка, маці былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, які знік 7 траўня 1999 года, аб прызнанні памерлым яе сына.

Суд палічыў, што аргументаў, якія падаў бок Ульяны Захаранкі, недастаткова, каб задаволіць хадайніцтва, паведамляе Радыё “Свабода”.

Прадстаўнік Ульяны Захаранка ў Камітэце па правах чалавека Раіса Міхайлоўская кажа, што прызнанне Юрыя Захаранкі памерлым неабходна, каб вырашыць сацыяльна-побытавыя пытанні. У прыватнасці, атрымаць у спадчыну кватэру зніклага сына.

“Прадаць гэтую кватэру яна не можа, здаць яе яна таксама не можа”, — тлумачыць Міхайлоўская. Па яе словах, суддзі спынілі разгляд грамадзянскай справы, бо цяпер ужо ідзе раследаванне крымінальнай справы аб знікненні экс-міністра ўнутраных спраў.

На думку Міхайлоўскай, улады не хочуць прызнаваць Юрыя Захаранку памерлым, бо гэта кіне пляму на негалосных падазраваных па гэтай справе — на вышэйшых службовых асобаў.

Намеснік старшыні Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла канстатуе, што юрыдычна дзяржава мае падставы не прызнаваць Захаранку памерлым, бо няма доказаў, якія б указалі на смерць былога міністра: не знойдзены труп, не высветленыя акалічнасці, пры якіх можна дапусціць яго смерць.

У гэтай сітуацыі ёсць выйсце: спачатку можна прызнаць Захаранку “без вестак зніклым”, а праз год — памерлым.

“Калі пасля прызнання без вестак зніклым асоба цягам года так і не з’яўляецца, то закон прадугледжвае, што яе аўтаматычна прызнаюць памерлай”, — кажа Гары Паганяйла.

Раіса Міхайлоўская тлумачыць, што прызнанне Юрыя Захаранкі памерлым — прынцыповая пазіцыя. І для гэтага, на яе думку, ёсць усе юрыдычныя падставы.

Генерал Юрый Захаранка знік у траўні 1999 года, у верасні таго ж года — віцэ-спікер Вярхоўнага Савета, экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі, у ліпені 2000 года — тэлеапэратар Зміцер Завадскі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі