Лукашэнка распісваецца на "Паланэзе", Раман Галоўчанка ў яго за спінай / ТГ-канал "Пул Первого"
Памятаеце, зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка распісаўся на беларускай ракеце для ЗРК "Бук"? Кіраўнік Дзяржкамваенпрама Раман Галоўчанка ў гэты момант стаіць у яго за спінай. "Вы заснавальнік ракетабудавання ў Беларусі", — робіць ён камплімент кіраўніку дзяржавы.
Праз два тыдні, 4 чэрвеня, Лукашэнка аб'яўляе новы склад урада, які днямі адправіў у адстаўку. Раман Галоўчанка становіцца прэм'ер-міністрам.
Узначальваць урад будзе паспяховы кіраўнік адной з нешматлікіх паспяховых галін. Пад кіраўніцтвам Рамана Галоўчанкі беларуская "ваенка" задыхала на поўныя грудзі. За апошнія гады была створана сістэма процідзеяння беспілотнікам, наладжана вытворчасць патронаў на экспарт, пастаўлены "інтэлектуальныя" прыцэлы ў Сербію. Жаданне дзейных уладаў выхваляцца ўсім гэтым на вайсковых парадах цалкам вытлумачальнае.
Хоць адразу ж успамінаецца нядаўні твіт Мінабароны пра першую снайперскую вінтоўку, вырабленую ў Беларусі. Аказалася, што гэта копія расійскіх патэнтаваных распрацовак. Пасля таго як на твіт адгукнуўся сузаснавальнік Sureshot Armament Group Валянцін Уласенка, запіс быў выдалены.
Яшчэ адно тлумачэнне прызначэнню прапануе палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман: "Лукашэнка бачыць рашэнне ўсіх праблем у эканоміцы ў мабілізацыі на ваенны ўзор. Трэба проста напружыцца і працаваць лепш. Навошта яму нейкія банкіры-лібералы, якія носяць дзіўныя паперкі?"
Папярэдні прэм'ер-міністр Сяргей Румас пасля сыходу з пасады не ўвойдзе ў новы склад урада, ён вяртаецца ў бізнес. Ці ўдасца новаму прэм'еру зразумець адрозненне эканомікі краіны ад экспарту цягачоў і вытворчасці ракет?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.