Чыноўнікі хочуць ад беларускай эканомікі занадта шмат / @rubanau_collage
Беларускія ўлады паказалі прагноз развіцця эканомікі на 2024 год. Планы амбіцыйныя. Калі чыноўнікі будуць імкнуцца выканаць паказчыкі росту ВУП любой цаной, то беларусаў чакаюць праблемы з ростам цэн, як у 2011 годзе, лічыць старшы навуковы супрацоўнік BEROC Настасся Лузгіна. Тады інфляцыя склала 108,7%.
Еўрарадыё даведалася, да чаго будзе імкнуцца ўрад і як гэта адаб'ецца на людзях.
У сваім плане чыноўнікі паказалі, што ўсё гэтак жа разлічваюць, што ВУП вырасце на 3,8% у 2023 годзе і на столькі ж у 2024 годзе.
— Наколькі гэта рэальна, тут вялікія пытанні, — кажа Настасся Лузгіна. — У 2022 годзе ВУП упаў на 4,7 працэнта. Цяпер мы маем справу з аднаўленчым ростам.
Асноўны этап аднаўлення пройдзе ў 2023 годзе, таму разлічваць на падобны рост у 2024 годзе не даводзіцца. Вядома, калі не займацца празмерным стымуляваннем эканомікі. Падобна на тое, гэтым і збіраюцца заняцца ўлады, адзначае экспертка.
Гэта відаць з планаў па выдачы крэдытаў. Прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі павінен вырасці мінімум на 10%. Гэта нашмат больш, чым у папярэднія гады, а яшчэ няма столі па дадзеным паказчыку. Гэта значыць, калі трэба будзе разагнаць рост ВУП за кошт крэдытаў, пакідаюць магчымасць выдаваць іх столькі, колькі захочацца.
— У 2021-2022 годзе прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі быў нашмат сціплейшы — у раёне 1,5-4 працэнтаў. Але ніяк не 17 працэнтаў [з прагнозу на 2023 год. — Еўрарадыё] і не 10 працэнтаў, — працягвае Настасся Лузгіна. — Пры гэтым рызыкі інфляцыйнага ціску выяўляюцца ўжо сёлета, не кажучы пра 2024 год. Мяккая грашова-крэдытная палітыка, гэта значыць рост крэдытавання эканомікі разам з ростам даходаў насельніцтва, ростам заробкаў, ужо сёння ствараюць рызыкі інфляцыі. З улікам абмежаванай прапановы на рынку гэта ўсё выліваецца менавіта ў інфляцыйны навес, якому не даюць і не будуць даваць праявіцца за кошт рэгулявання цэн. Але гэта магчыма толькі нейкі пэўны прамежак часу.
Колькі ўлады будуць працягваць палітыку стымулявання эканомікі і адначасовага стрымлівання цэн залежыць ад таго, наколькі хутка будуць назапашвацца дысбалансы ў эканоміцы. Пры вельмі дрэнным сцэнары інфляцыя можа стаць двухзначнай.
— Тут пытанне, наколькі ўлады будуць дапускаць назапашванне інфляцыйнага навеса. Мяркуецца, што інфляцыя будзе ў межах 7 працэнтаў да канца гэтага года, гэта значыць усё ж такі дапускаецца яе рост — адпусцяць трошкі цэны. Але з улікам росту крэдытавання, росту даходаў, захавання адданасці актыўным тэмпам росту ВУП, тут пытанне, якая ва ўладаў чырвоная лінія. Ці яны ўсё ж такі ўбачаць, што інфляцыйны навес нарастае, і прымуць рашэнне праводзіць больш стрыманую грашова-крэдытную палітыку і палітыку стрымлівання росту даходаў.
Альбо будуць любымі спосабамі дасягаць 3,8 працэнтаў росту, нават калі гэта будзе выклікаць моцныя інфляцыйныя рызыкі. У гэтым выпадку мы можам прыйсці да сітуацыі, якая назіралася ў 2011 годзе. Вядома, нельга атаясамліваць 2011 год з бягучай сітуацыяй, таму што там дамешвалася яшчэ жорсткае рэгуляванне валютнага курсу. Цяпер курс плывучы, але што тычыцца цэн, такое можа быць.
Мяркуючы па прагнозе ўладаў, вялікі ўклад у рост ВУП павінен унесці экспарт тавараў і паслуг. Плануецца, што яго рост складзе 7,6% у 2024 годзе (у 2023 годзе план — 5,5% росту).
— Гэта, вядома, будзе вельмі складана з улікам таго, што асноўным гандлёвым партнёрам у нас застаецца Расія. Гандаль з краінамі Азіі і Афрыкі таксама ідзе, але павольным тэмпамі. З краінамі Афрыкі сітуацыя не толькі не палепшылася, яна пагоршылася. Таваразварот там дасягнуў толькі 200 мільёнаў долараў. Гэта вельмі мала з улікам мільярдных абаротаў у цэлым па гандлёвым балансе Беларусі, — адзначае Настасся Лузгіна. — Мы бачым, напрыклад, што ў 2021 годзе аб'ёмы экспарту павялічыліся на 32 працэнты. Гэта вельмі шмат, але тады гэта было павелічэнне за кошт цэнавага фактару. Цэны ўзляцелі, адпаведна, вартасны аб'ём вырас. У наступным годзе нейкіх падобных з'яў не чакаецца і беларускія ўлады канцэнтруюцца на тым, што ўсё ж такі будзе ісці рост за кошт менавіта фізічных аб'ёмаў.
Улічваючы, што застаюцца лагістычныя праблемы, не факт, што атрымаецца дасягнуць патрэбных аб'ёмаў з краінамі Азіі і Афрыкі.
— Перавалка тых жа калійных угнаенняў з дапамогай чыгуначных шляхоў мае свае абмежаванні. Тут вельмі шмат рызыкі. І другое пытанне тычыцца Расіі, гэта такі няўстойлівы вектар.
Пакуль чыноўнікі распісваюць планы, насамрэч невядома, наколькі добра будзе адчуваць сябе расійская эканоміка і наколькі Расія будзе ў стане купляць больш беларускіх тавараў, заключае Настасся Лузгіна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут