Былы ўчастковы распавёў, чаму не было масавых звальненняў з міліцыі

10/12/2021 - 06:40
З аддзялення, дзе працаваў Іван Колас, пасля жніўня 2020-га звольніліся толькі 10 чалавек / ілюстрацыйнае фота

Былы ўчастковы з Гомеля Іван Колас распавёў "Нашай Ніве", чаму так нешмат сілавікоў вырашылі сысці з міліцыі пасля падзей жніўня 2020 года. З яго аддзялення звольніліся толькі каля 10 чалавек.

"Гэта вельмі мала — у нас 250 супрацоўнікаў было. З некаторымі участковымі інспектарамі я падтрымліваю сувязь. Яны чакаюць заканчэння кантракту і будуць сыходзіць. У многіх жа грашовыя абавязкі", —- распавёў Іван.

На яго думку, гэтыя грашовыя абавязацельствы людзей і трымаюць. Пры датэрміновым звальненні з органаў супрацоўніку міліцыі трэба выплаціць 45 тысяч за вучобу ў Акадэміі міліцыі і парадку сямі тысяч рублёў кантрактных.

І "калі сума за вучобу паступова памяншаецца, то кантрактныя — не. Нават калі ў апошні дзень сыходзіш, усю суму вярнуць трэба. А грошы ж звычайна ўжо выдаткавалі — машыну, тэлефон купілі", — тлумачыць Іван.

У яго аддзяленні не было ніякага братэрства, аб якім кажуць высокія міліцэйскія чыноўнікі. "Гэта лухта", кажа ён. Павагі адзін да аднаго ў міліцыейскіх колах няма, "цябе зневажаюць, абражаюць на ўсіх стадыях".

"Хіба цяпер трохі з'ядналіся, таму што зразумелі, што нарабілі, і ім трэба пры гэтай уладзе неяк жыць", — выказаў меркаванне ён.

Іван распавёў, чаму вырашыў звольніцца. У дзень выбараў ён патруляваў парк. Паводле яго слоў, гарадскія ўлады не чакалі, што на вуліцы выйдзе столькі людзей. Тых, каго павінен быў затрымаць, Іван адводзіў у бок аўтазака і адпускаў

"Рабіў гэта ўтоена, таму што, калі б такое ўбачылі, думаю, у СІЗА паехаў бы ў гэты ж дзень", —  успамінае ён.

10 жніўня яго пакінулі ў пастарунку складаць пратаколы на затрыманых. І гэты дзень стаў для яго вырашальным. "Я ўбачыў, што ў супрацоўнікаў міліцыі знесла дах, і трэба з гэтым нешта рабіць. У РУУС Людзі на каленях стаялі ці ляжалі на жываце. Кайданкоў на ўсіх не хапала. Нікому не давалі ўстаць з падлогі, нават позы мяняць не дазвалялі. Я ў той дзень быў сам не свой", — распавядае ён.

11 жніўня ва ўчастковага быў выходны, а 12 - га ён выклаў відэазварот, дзе назваў Ціханаўскую прэзідэнтам і папрасіў сілавікоў не ўжываць зброю. У той жа дзень да яго прыехалі калегі — хацелі пагаварыць і забраць пасведчанне. Ён не адчыніў дзверы, і ў той жа дзень з'ехаў з жонкай ва Украіну.

У Кіеве Іван перавучыўся, цяпер працуе ў IT.

Іван Колас / "Наша Ніва"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі