Былога міліцыянера Дзмітрыя Кулакоўскага зноў адправілі пад арышт

20/05/2021 - 19:19

Былога міліцыянера Дзмітрыя Кулакоўскага зноў адправілі пад арышт. Ён асуджаны на 15 сутак нібыта за "непадпаракаванне міліцыянерам", паведамляе "Белсат". Жонка звязвае арышт "з актыўнымі выказваннямі мужа". Паводле яе слоў, "нібыта каля Ленінскага РАУС яго прынялі за асобу, падобную да той, што брала ўдзел у несанкцыянаваным шэсці". Калі "прапанавалі прайсці ў РАУС праверыць асобу", "ён пачаў супраціўляцца". У судзе Кулакоўскі гэтую версію зняпраўджваў.

Дзмітрый Кулакоўскі — былы начальнік крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Мінска, меў званне капітана міліцыі. Ён звольніўся неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га, паколькі быў нязгодны з дзеяннямі ўладаў. У кастрычніку Кулакоўскага затрымалі, ён правёў 27 сутак за кратамі ў ізалятары на Акрэсціна, у тым ліку і ў карцары. Пра Дзмітрыя Кулакоўскага і жахлівыя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна расказваў Зміцер Дашкевіч (на відэа).

У снежні мінулага года былы сілавік спрабаваў з'ехаць з Беларусі, але высветлілася, што выезд за мяжу для яго часова абмежаваны. Кулакоўскага затрымалі, распачалі ўжо крымінальную справу,  абвінавацілі ў "абразе прадстаўніка ўлады". У студзені 2021-га яго асудзілі на два гады "хіміі".

У снежні 2020-га Дзмітрый Кулакоўскі быў прызнаны палітвязнем. У траўні сёлета Аляксандр Лукашэнка, сярод іншых былых сілавікоў, пазбавіў яго звання "капітан міліцыі запасу".

TUT.by паведамляе пра затрыманне былога міліцыянера Ягора Емельянава. Ён таксама на Акрэсціна. Нядаўна Лукашэнка пазбавіў яго звання "капітан міліцыі запасу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі