“Было прыемна, што гвалт спыніўся на нейкі час”: як пачаліся жаночыя маршы ў 2020 годзе

12/08/2026 - 12:10

Акцыя 12 жніўня на Камароўцы ў Мінску / LookByMedia

12 жніўня 2020 года жанчыны ў белым, з кветкамі, выйшлі ў жывы ланцуг на плошчы каля Камароўскага рынку. Гэтую акцыю трактуюць да сёння па-рознаму, але ўпэўнена можа казаць, што яна змяніла ход пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 

Ідэю станавіцца ў ланцугі з кветкамі падхапілі літаральна паўсюль. Потым яны перараслі ў масавыя пікеты і маршы. 

Рашэнне правесці акцыю прыйшло не ад палітычных лідараў таго часу, а ад сябровак: іх запрасілі ў чат, тыя запрасілі іншых — і так там сабралася каля 3 600 чалавек. 

Еўрарадыё паразмаўляла з дзяўчынамі, якія стварылі той самы чацік. 

Натуральнае абурэнне і выклік для крэатыўнасці

Да 2020 года Аня (імя заменена) ужо жыла ў Польшчы, але прыехала тады ў Беларусь на выбары. На другі дзень пратэстаў яна ехала ў машыне і трапіла ў затор праз “замес” каля “Рыгі”, дзе ўжо былі збудаваны барыкады. 

Яе з сяброўкай забралі да сябе дамоў знаёмыя, якія жылі побач. Як кажа Аня, літаральна ўратавалі іх ды іншых незнаёмцаў з вуліцы, на якіх “палявалі” людзі ў чорным з дубінкамі. 

— На наступны дзень, калі я ішла а 6-й раніцы з “Рыгі”, [гарадскія службы. — Еўрарадыё] падчышчалі сляды крыві, мылі ўсё, прыбіралі аскепкі машын і іншыя атрыбуты тых падзей, а я абзвоньвала ўсіх сваіх сяброў, каб пераканацца, што ўсе жывыя. Я дазванілася да сваёй “Анечкі”, і яна сказала, што шмат часу яны з сястрой праляжалі ў нейкай канаве. Гэта дзве такія надзвычайныя дзяўчынкі-коцікі, і мне было дзіка думаць, што ім прыйшлося проста па наіўнасці вось так ляжаць у нейкай канаве, мерзнуць і не шавяліцца. 

Мне пашчасціла болей — мяне забралі знаёмыя. Гэта пачуццё злосці і несправядлівасці: якога хера вельмі блізкія мне, цудоўныя дзяўчынкі так пацярпелі. І трэба нешта з гэтым рабіць. 

Тады Аня напісала сваім сяброўкам.

Скрыншот з чата акцыі

Як узгадвае Жана, было яснае разуменне, што трэба зрабіць акцыю, але максімальна супрацьлеглую таму, што адбывалася ў тыя дні на вуліцах.

— Гэта значыла рабіць акцыю днём, калі людзі ідуць на працу. Каб усе бачылі, што гэта не прастытуткі-наркаманкі, а звычайныя цывільныя дзяўчыны, такія ж, як усе. Да таго ж, гэта была замануха: калі яны пачнуць збіваць жанчын, то прайграюць, а калі нічога не зробяць — таксама. 

Ранкам 11 жніўня дзяўчыны стварылі чат для сябровак, куды паклікалі іншых каляжанак, а потым тыя запрашалі наступных. Пад канец дня ў ім было ўжо каля 3 600 чалавек. Цягам дня ўдзельніцы чата дамаўляліся пра месца, час, строі ды тое, што менавіта рабіць падчас акцыі. 

Да прыкладу, была ідэя сустрэцца не аб 11-й гадзіне, а самым ранкам. Або апрануцца не толькі ў белае, а яшчэ ў чырвонае, каб зрабіць з сябе сцяг, але перавага была ў ланцуга. 

Камароўку выбралі як месца, якое прыцягвае шмат людзей: “Цэнтр горада, але не плошча. Месца, пра якое ніхто не думае як пра пляцоўку для палітычнага выказвання”, — кажа Жана. 

Аня дадае, што, акрамя натуральнай патрэбы выступіць супраць абуральнай несправядлівасці, аб’яднаць дзяўчынак, каб аблегчыць боль, гэта быў яшчэ і выклік у крэатыўнасці.

Скрыншот з чата акцыі

“Мне прыемна ўсведамляць, што мы былі часткай «жанчын у белым»”

Абедзве гераіні тых падзей да 2020 года не займаліся палітычнымі акцыямі. 

Аня пра сябе кажа, што жыла ў “бурбалцы”, а грамадзянская пазіцыя пачала фарміравацца ўжо пасля пераезду ў Польшчу (які быў за некалькі гадоў да 2020-га). Але галоўны пералом адбыўся менавіта ў 2020 годзе. 

— Маё жыццё падзялілася на да і пасля пратэстаў. Пасля таго як у мяне атрымалася вярнуцца ў Польшчу, я пайшла да тэрапеўта, каб пазбавіцца ад панічных атак. І гэта перайшло ў працяглую тэрапію, працу над сабою. У выніку выйшла з аб’юзіўных адносін, развялася і пачала жыццё з “чыстага аркуша”. Знайшла працу мары ў вялікай IT-кампаніі. Вельмі радая таму, дзе знаходжуся цяпер. Люблю людзей вакол сябе, да таго ж у мяне з’явілася шмат прыкольных хобі!

Можа сказаць, што пратэсты ўскосна на гэта паўплывалі. Яшчэ тады я бачыла, што гэта прыносіць шматлікім дзяўчынам радасць і пачуццё ўласнай годнасці, усведамленне ўласнай каштоўнасці. І я працягваю несці гэта людзям і цяпер, нават па-за палітычным кантэкстам.

Калі Жана чуе хэйт у бок “жанчын з кветкамі”, то прыгадвае мінулыя пратэсныя пяцігодкі. Маўляў, тады ўсё праходзіла па тым жа сцэнарыі: моладзь выходзіла, быў гвалт, і гэта хутка спыняла шмат каго ад выказванняў.  

— Тут яно пражыло амаль чатыры месяцы, можа, нават да Новага года. І калі б акцыі не былі мірнымі, яны б не працягнуліся столькі. Яны былі б незаўважнымі. Таму я лічу, што гэта згуртавала нашае грамадства ў пэўным сэнсе. Шмат людзей перазнаёміліся адно з адным, з'явіліся шмат арганізацый, было шмат вулічнага мастацтва. Мы згубілі шмат, але і прыдбалі шмат.

Жана прыгадвае, што калі затрымалі Марыю Калеснікаву на пачатку верасня, сярод арганізатарак жаночых маршаў была спрэчка, ці варта іх працягваць. 

— Шмат дзяўчат казалі, што калі ўсе бачаць, як збіваюць дзяўчын, то гэта ўжо настолькі моцнае выказванне, што яны гатовы працягваць, нягледзячы на рызыкі. Таму мы гэта рабілі, хаця нас крытыкавалі, маўляў, мы падстаўляем людзей. Але я лічу, што гэта быў выбар кожнага дарослага чалавека — удзельнічаць ці не.

Напрыканцы Жана заўважае, што праз шэсць гадоў жыццё стала горшым, бо вялікая колькасць сяброў пакінула Беларусь, а ў яе працоўнай сферы стала менш прафесіяналаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі