Бязвізавы ўезд у Беларусь праз аэрапорт у 2018-м могуць павялічыць да 10 дзён

08/12/2017 - 15:29

У 2018 годзе бязвізавы ўезд у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск могуць павялічыць да 10 дзён. Пра гэта, як перадае БЕЛТА, паведаміў 8 снежня намеснік начальніка Галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Аляксандр Ганевіч на выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах. 

Па словах чыноўніка, бязвізавы ўезд праз аэрапорт у 2018 годзе плануюць увесці на 10 дзён, на перыяд II Еўрапейскіх гульняў — на 30 дзён (яны пройдуць у 2019 годзе). Потым гэтую практыку мяркуецца распаўсюдзіць на ўсе пункты пропуску. Гэты план да 2021 года абмяркоўваецца ўсімі зацікаўленымі структурамі.

Ганевіч паведаміў, што ў 2014-2015 гадах было выдадзена да 300 тысяч візаў у год. Сума візавых збораў склала 25 мільёнаў долараў. У 2016 годзе выдадзена 275 тысяч віз. Прагназуецца, што па выніках 2017 года будзе каля 80 тысяч бязвізавых уездаў — гэта значыць, колькасць выдадзеных віз зменшыцца.

Аднак гэта не стане фінансавымі стратамі для дзяржавы, бо павялічваецца экспарт турыстычных паслуг. За студзень-жнівень страты ад нявыданых візаў склалі каля 12 мільёнаў долараў, а турыстычных паслуг было выдадзена на суму каля 90 мільёнаў долараў. Гэта станоўчы досвед, і яго трэба развіваць, лічыць Ганевіч.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі