Мясакамбінат. Ілюстрацыйнае фота / LookByMedia
Пазыка дзевяці прадпрыемстваў Віцебскай вобласці па пералічэннях са спецыяльных рахункаў за спажыты прыродны газ дасягнула 25,3 млн рублёў. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным дакуменце абласной камісіі па разліках за энергарэсурсы, які ў распараджэнне Еўрарадыё перадала ініцыятыва BELPOL.
Паводле дадзеных ведамаснага пратакола, за перыяд з ліпеня 2021 года па ліпень 2026 года прадпрыемствы пералічылі на рахункі газазабяспечвальнай арганізацыі 6,8 мільёна рублёў, што складае 16,7% ад належнай да выплаты сумы.
Самая вялікая запазычанасць зафіксавана ў ААТ "Віцебскі мясакамбінат", якое не рабіла пералічэнняў са спецрахунку і назапасіла недаплату ў памеры 9 млн рублёў. УП "Лепельскі малочнакансервавы камбінат" не даплаціла 8,8 млн рублёў, пералічыўшы толькі 6,6% ад неабходнай сумы.
У ліку буйных даўжнікоў за газ таксама знаходзяцца ААТ "Полацкі камбінат хлебапрадуктаў" з запазычанасцю 4,4 мільёна рублёў, ААТ "Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў" з недаплатай 1,9 млн рублёў і дзяржаўнае прадпрыемства "Рудакова", доўг якога склаў 1,4 млн рублёў.
У сферы электраэнергіі і цеплавой энергіі найбольшую недаплату сярод арганізацый аграпрамысловага комплексу сфарміравала ДА "Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты".
З пачатку 2026 года прадпрыемствы аб'яднання назапасілі 15,5 млн рублёў новай запазычанасці, а іх сукупны доўг без уліку адтэрмінаваных абавязацельстваў дасягнуў 161,1 млн рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут